Ці ўратуе эканоміку Падатковы кодэкс?

Было сто, стала дзвесце. Ажно ўдвая чыноўнікі збіраюцца падвысіць адзіны падатак для некаторых катэгорыяў грамадзянаў. Гэта вынікае з новага праекту Падатковага кодэксу, які мае запрацаваць з новага года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта тычыцца як часткі прадпрымальнікаў, якім умовы вядзення бізнесу робяць больш жорсткімі, гэтак і часткі людзей занятых альбо самазанятых, якія таксама досыць самастойныя, незалежныя ад дзяржавы», – гаворыць эканаміст Аляксей Харкевіч.

Плаціць адзіны падатак маюць права тыя ІП, якія надаюць фізічным асобам пэўныя паслугі: напрыклад, настройка музычных інструментаў, фота- і відэаздымка, прыборка памяшканняў. Поўны спіс такіх паслугаў ёсць на сайце Міністэрства падаткаў і збораў. Але каб выконваць такую працу і плаціць дзяржаве адзіны падатак, не абавязкова рэгістравацца ІП. Тады такія асобы лічацца самазанятымі.

«Наш бюджэт цяпер у структурным дэфіцыце, таму тут трэба альбо скарачаць выдаткі (а для гэтага ў нас не так шмат прасторы для манеўру), альбо падвышаць падаткі. І мы бачым паслядоўнасць, што падаткі пастаянна павышаюць», – тлумачыць прычыну падвышэння падаткаў акадэмічная дырэктарка Beroc Кацярына Барнукова.

І ўласна пра падвышэнне адзінага падатку. Цяпер рэпетытары ў Менску плоцяць 82 рублі на месяц, будуць плаціць – 164. Арганізатары вяселляў, таксама ў сталіцы, аддаюць у бюджэт 259 рублёў, а будуць – 518. Менскія будаўнікі ў якасці адзінага падатку пералічваюць дзяржаве 292 рублі, будуць – 438. А цырульнікі і касметолагі замест двухсот дваццаці шасці (226) рублёў заплоцяць 339. У рэгіёнах падаткі крыху ніжэйшыя, але прапарцыйна вырастуць гэтак сама, як і ў Менску.

«Каб выйсці на нейкі нармальны заробак пры такім падатку, гэта складана. Пакуль мы чакаем, быццам бы нам прапаноўваюць два варыянты: альбо 10 % ад выручкі, але не ведаю, хто гэта будзе курыраваць, гэта бухгалтара трэба наймаць. Альбо вось гэты адзіны падатак. Адзіны падатак, вядома, высокі», – зазначае рэпетытарка Ганна Саламонава.

Напаўняць бюджэт плануюць і за кошт тых беларусаў, што жывуць за мяжою. Гаворка пра падаражэнне ўсіх магчымых паслугаў, якія аказваюць беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы.

Выдача альбо абмен пашпарта каштуе 40 еўраў, але гэты кошт плануюць падняць да 50. Цяпер плата за рэгістрацыю і за скасаванне шлюбу – 50 еўраў, хочуць зрабіць 100 і 200 еўраў адпаведна. Кошт за змену прозвішча, імя альбо імя па бацьку мае вырасці з 70 да 200 еўраў, прастаўленне апастылю на дакументы – з 35 да 50 еўраў. Ну а калі вы вырашылі адмовіцца ад беларускага грамадзянства, замест цяперашніх 250 еўраў заплаціце 400.

«Тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта што называецца збольшага назбіраць грошай каб закрыць дзіры ў бюджэце», – кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Паводле праекту Падатковага кодэксу, на 10 % мае ўзрасці і падатак на першую кватэру. Цяпер разліковы кошт квадратнага метра жылля – 810 рублёў, будзе – 891 рубель. Маючы кватэру каля 50 квадратных метраў, заплоціце прыкладна на чатыры рублі больш, чым плацілі сёлета. Паводле нашых экспертаў, увядзенне падатку на першую кватэру нелагічнае і супярэчыць паняццю «сацыяльная дзяржава».

«Я так разумею, логіка ў тым, што ўплыў на грамадскую думку не асабліва ўлічваецца, бо грамадская думка ні на што не ўплывае», – кажа Кацярына Барнукова.

Падобная сітуацыя з гэтак званымі дармаедамі. Для асобаў, якія падпадаюць пад гэтую класіфікацыю рэжыму, плануюць увесці новы падатак. Пэўны адсотак у бюджэт яны будуць плаціць, калі атрымаюць грошы нават ад самых блізкіх сваякоў. Калі цягам года сума перавысіць сто базавых велічыняў, цяпер гэта 3200 рублёў, то 10 % ад перавышэння прыйдзецца аддаць у бюджэт.

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама