Ці хочуць украінцы перамоваў з агрэсарам?


Прадстаўнік Расеі пры ААН фактычна прызнаў, што расейскае войска абстрэльвае ўкраінскую цывільную інфраструктуру. Але пры гэтым віну за гібель мірных людзей ён усклаў на Украіну. І ўжо звыкла запатрабаваў ад Захаду перастаць дапамагаць Кіеву зброяй. Заходнія дыпламаты сцвярджаюць, што Пуцін хоча замарозіць Украіну і такім чынам змусіць яе да перамоваў. Але ці захочуць самі ўкраінцы размаўляць з агрэсарам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тэрміновае паседжанне Рады бяспекі ААН адбылося на просьбу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Ён заклікаў спыніць ракетны тэрор Расеі і запрасіў экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў наведаць абʼекты ўкраінскай інфраструктуры. Расейскі бок у адказ звінаваціў ува ўсім Украіну і Захад.

«Мы наносім удары па інфраструктурных аб’ектах ва Украіне ў адказ на напампоўванне гэтай краіны заходняй зброяй і безразважныя заклікі Кіева аб атрыманні ваеннай перамогі над Расеяй», – заявіў Нябензя.

Паводле Нябензі, да разбурэння жылых дамоў і ахвяраў сярод цывільных датычныя сілы ўкраінскай паветранай абароны, якія нібыта размяшчаюцца ў цэнтрах гарадоў. І абломкі ракетаў або ўкраінскія ракеты, што збіліся з курсу, трапляюць туды, куды расейцы нават не цэлілі, заявіў расейскі дыпламат.

«Тут не варта арыентавацца на заявы Нябензі, што, маўляў, чым болей зброі атрымае Украіна, тым даўжэйшаю будзе вайна. Не! Чым болей зброі і боепрыпасаў Украіна атрымае, тым хутчэй скончыцца вайна – знішчэннем войскаў акупантаў, што ўварваліся са зброяй у руках на нашую зямлю», – кажа ўкраінскі вайсковы эксперт Уладзіслаў Селязнёў.

Прадстаўнікі ж заходняй дыпламатыі сцвярджаюць, што ракетны тэрор – ці не апошні шанец Пуціна.

«Ён відавочна выкарыстоўвае зіму як зброю, каб прычыніць велічэзныя пакуты ўкраінскаму народу. Ён вырашыў, што калі не здолее захапіць Украіну сілаю, то паспрабуе замарозіць яе, каб падпарадкаваць. Калі ён дабʼецца свайго, мільёны ўкраінцаў застануцца без электрычнасці, вады і цяпла ў гэтыя халодныя зімовыя месяцы», – заявіла прадстаўнік ЗША ў ААН Лінда ТомасГрынфілд.

Учора праз масавыя ракетныя ўдары па крытычнай інфраструктуры амаль ува ўсёй Украіне ўзніклі перабоі з электраэнергіяй. Цалкам або часткова былі абясточаныя не менш за 15 вобласцяў. Крэмль пасля ўчорашніх абстрэлаў фактычна пацвердзіў, што спрабуе шантажаваць Украіну.

«Кіраўніцтва Украіны мае ўсе магчымасці ўрэгуляваць сітуацыю такім чынам, каб выканаць патрабаванні расейскага боку і спыніць, адпаведна, усе магчымыя пакуты мясцовага насельніцтва», – заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Але ці пагодзіцца ўкраінскае грамадства на перамовы і саступкі агрэсарам?

«Калі ўлетку больш за 90 адсоткаў украінцаў верылі, што Украіна дасць адпор Расеі, то хто вырашыў, што сёння іх стала істотна меней? І ўвогуле як можна весці перамовы з Расеяй пасля Бучы, Марыупалю, Ізюму? Які-кольвек украінскі палітык, які пра гэта будзе казаць сурʼёзна, не застанецца на сваёй пасадзе», – мяркуе ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Захад, падобна, таксама не спадзяецца на хуткія мірныя перамовы. На фоне новых ракетных абстрэлаў Белы дом абвесціў пра вылучэнне новага пакету вайсковай дапамогі Украіне – на 400 мільёнаў долараў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»