Сталі вядомыя падрабязнасці гібелі Вітольда Ашурка

Еўрапарламент прагаласаваў за рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі. Сярод асноўных патрабаванняў – вызваленне лаўрэата Ноблеўскай прэміі міру праваабаронцы Алеся Бяляцкага і спыненне пераследу палітычных апанентаў. У гэты дзень у Беларусі папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», распачалі чарговы палітычны працэс і працягваюць катаваць палітвязняў. Распавядаем пра рэпрэсіі 24-на лістапада, а таксама пра сведчанні, што да смерці Вітольда Ашурка ў Шклоўскай калоніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Карцар ці штрафны ізалятар – найгоршае месца прыбывання для вязня. Абы якое харчаванне, слабы сон, адсутнасць дзённага святла. Палітвязень Мікола Статкевіч з такой ізаляцыі трапіў у шпіталь – чытаем на Фэйсбуку ягонай жонкі Марыны Адамовіч.

«Сёння да Міколы Статкевіча не пусцілі адваката. Прычына? Патлумачылі клопатам аб яго здароўі. Мікалай – у медсанчастцы. У яго пнеўманія. Пасля трох ранейшых ковідаў. Я не хвалююся – я крычу», – піша спадарыня Марына.

Пра тое, што «падчапіў нейкі вірус», Мікалай напісаў жонцы ў лісце ад 10-га лістапада. Там жа папярэджваў, што 11-га зноў «на камісію». То бок у ШЫЗА яго накіравалі ўжо хворым. Пра «ніякай літасці» ды нават карт-бланш на здзекі з палітзняволеных распавёў былы палітвязень, палітэмігрант Віктар Пархімчык.

Пакаранне ён адбываў у Шклоўскай калоніі – той самай, дзе загінуў асуджаны за пратэсты Вітольд Ашурак. У інтэрв’ю «Радыё Свабода» ён распавёў:

«Размаўляў са многімі людзьмі, якія памяталі Вітольда, якія былі сведкамі таго, што адбывалася з ім. (…) З камеры, дзе сядзеў Вітольд, былі чуваць крыкі. (…) Мне расказвалі, што Вітольда «прэсавалі» ад самага прыбыцця ў калонію. Адразу пасля каранціну ён трапіў у Штрафны ізалятар. Прычыны для гэтага вертухаям не патрэбныя. Не пагаліўся, не павітаўся».

Фальсіфікацыяй парушэнняў, наўмыснай дыскрымінацыяй палітычных вязняў займаюцца ўсе без выключэння працаўнікі Жодзінскай калоніі, кажа Віктар Пархімчык.

З Жодзінскага ізалятару ў Менскі гарадскі суд сёння дастаўлялі бацьку семярых дзяцей Максіма Ланцунцэвіча. Мужчыну затрымалі летась у верасні ў межах справы аб гібелі айцішніка Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ. Палітвязня пачалі судзіць паводле абвінавачання ў распальванні варожасці і абразе прадстаўніка ўлады.

Паводле звестак dissidentby.com у Беларусі ўжо 1718 асуджаных паводле палітычных матываў. 1449 чалавек прызнаныя палітвязнямі праваабарончым цэнтрам «Вясна». Колькасць зняволеных за погляды адно расце. Але колькасць праціўнікаў улады прынамсі не змяншаецца, лічыць праваабаронца.

«Супрацьстаянне гэтых двух сілаў перайшло ў рэзкую форму і ніякіх кампрамісаў не назіраецца. І з таго боку канешне будзе толькі нянавісць, рэпрэсіі, гвалт», – лічыць Раман Кісляк.

Працаўнікі карна-сілавых органаў не могуць утрымацца ў межах ужо папраўленага пад іхныя рэпрэсіі заканадаўства. Учора суд аштрафаваў экс-старшыню ліквідаванага летась абʼяднання прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанку за пост у сацыяльных сетках, зроблены 8 гадоў таму.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама