ГУБАЗіК прапанаваў пазбаўляць «недабранадзейных» беларусаў грамадзянства і маёмасці


Уладу – сілавікам, землі – добранадзейным? ГУБАЗіК пагражае пазбаўляць беларусаў грамадзянства і маёмасці. Гаворка ідзе пра гэтак званых экстрэмістаў і тых, хто нібыта дзейнічае не ў інтарэсах краіны.

«Гэта чарговы крок на шляху барацьбы з палітычнымі апанентамі ў момант, калі рэжым пачуў пагрозу свайму існаванню», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Пазбаўляць гэтак званых нядобранадзейных беларусаў грамадзянства – ідэя не ГУБАЗіКу. Год таму гэта прапанавала фаварытка Лукашэнкі, дэпутатка парламенту Марыя Васілевіч. Праз адзінаццаць месяцаў ідэю Васілевіч прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Вячаслаў Арлоўскі падаў як сваю:

«Людзі, якія ўцяклі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краінаў, не павінныя мець права звацца беларусамі. З гэтага моманту асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, могуць яго страціць, калі паводле судовага выраку яны будуць прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў – экстрэмісцкіх, тэрарыстычных або ў прычыненні цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі».

У выніку за справу ўзяўся ГУБАЗіК.

«Таксама лічым неабходным усталяваць безумоўную адміністратыўную адказнасць за падпіску на інтэрнэт-рэсурсы, чые матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі, і ўжываць да асобаў, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкага накірунку, у якасці дадатковага пакарання агульную канфіскацыю маёмасці», – прапанаваў кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын.

Гэта чарговая спроба запалохаць народ, а разам з ім і чыноўнікаў, якія дакладна не захочуць губляць маёмасць, лічыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

«У нас пытанне гучыць так: ці можа Лукашэнка загадаць дэпутатам падпісаць такі акт? Вядома, можа. Ці будуць гатовыя людзі гэта выконваць? Ці будуць людзі гатовыя выстаўляць на аўкцыёны нечыя дамы?», – кажа прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

У адказ на гэтыя пытанні можна згадаць спробы прадаць праз інтэрнэт адабраную падчас ператрусаў тэхніку актывістаў і журналістаў. З апошняга – аўтамабіль палітзняволенага Віктара Бабарыкі, выстаўлены на аўкцыёне. У міліцэйскай дзяржаве тармазоў няма. Рэжым ідзе шляхам узмацнення рэпрэсіяў, кажа Валер Карбалевіч.

«Цяпер ідзе выкараненне іншадумства ўвогуле. Таму чым далей, тым больш жорсткім становіцца рэжым. Таму я не магу выключаць нічога», – лічыць Валер Карбалевіч.

Наколькі далёка можа зайсці рэжым у знішчэнні нязгодных? Гістарычны прыклад – ваенная дыктатура ў Аргентыне напрыканцы 70-х – у пачатку 80-х. У апанентаў улады выкрадалі дзяцей, пасля чаго з’явіўся грамадскі рух «Маці плошчы Мая». Кожны чацвер жанчыны выходзілі на цэнтральную плошчу і стаялі насупраць дому ўраду, чакаючы адказаў на свае пытанні. Іншая краіна – Югаславія канца 90-х. Вайсковая тэхніка на вуліцах, выкраданне і забойства людзей. Панаванне гэтага рэжыму закончылася трыбуналам.

«Больш блізкі прыклад – Украіна. Загінула за 7 год 14 тысяч чалавек. І гэта жудасна, гэта вайна. Краіна вядзе вайну, і ў нас дагэтуль, на шчасце, такой сітуацыі няма», – лічыць Міхаіл Кірылюк.

Савет Міністраў унёс на разгляд у Палату прадстаўнікоў праўкі ў Закон «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь». Калі іх прымуць, унутраныя войскі змогуць бесперашкодна страляць па дзецях, жанчынах і людзях з інваліднасцю. У выпадку, калі тыя, маўляў, будуць пагражаць жыццю або здароўю грамадзянаў. Што значыць гэтая фармулёўка – не ўдакладняюць. Невядомы і час разгляду законапраекту.

Надзея Бельская, «Белсат»