Ці ўсё так радасна з эканамічнай статыстыкай?


У сваіх аптымістычных справаздачах чыноўнікі спасылаюцца на статыстыку за верасень. Маўляў, зніжэнне ВУП Беларусі па выніках 9 месяцаў ажно на 0,2% менш паказніка за мінулыя 8 месяцаў. Сельская гаспадарка, кажуць, вельмі паспрыяла.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Штопраўда, паводле Еўразійскага банку развіцця ўнёсак сельскай гаспадаркі ў дынаміку ВУП ужо ў верасні пачаў падаць. Гэта адразу бачым на паказніках: – 3,3% у верасні замест мінус 3 % у жніўні сёлета.

Памяншэнне ВУП, гэта прыкмета эканамічнага спаду: кампаніі менш вырабляюць, даходы бізнесу і дзяржавы зніжаюцца, пакупальніцкая здольнасць падае. Так, за першы месяц восені ў Беларусі гэтае падзенне скарацілася больш як на 3 адсоткі да ўзроўню верасня 2021га. Але ці можна тут прагназаваць устойлівую тэндэнцыю? Паводле эканаміста Дзмітрыя Крука:

«На базе месячных тэндэнцый я б зараз нейкіх істотных высноваў не рабіў бы наогул, таму што ўся тая сітуацыя, што ёсць за вонкавым гандлем, можа прыводзіць да таго, што нейкія ўгоды будуць адкладвацца на некалькі месяцаў. І затым у адным месяцы нейкі аб‘ем той ці іншай прадукцыі будзе прададзены, і ў статыстыцы мы можам гэта бачыць, ну такім прафесійным тэрмінам называючы – выбрас».

Салідарны са сваім беларускім калегам і расейскі эканаміст Мікалай Кульбака:

«Звычайна ВУП і ўсе яго складнікі правільна лічыць у разрэзе года. Таму, два месяцы, гэта аж да выпадковых выкідаў або нейкай буйной партыі тавараў. Не кажучы ўжо, што гаворка можа ісці пра нейкія ўзаемазалікі, звязаныя са зброяй, боепрыпасамі або іншымі рэчамі».

А калі паглядзець бліжэй на прамысловасць ды экспарт, то падзенне паказнікаў там таксама працягваецца. Проста па выніках верасня яно не такое вялікае, як, напрыклад, сёлета ў сакавіку -2,1% замест 6,4%. Мінэканомікі ж рапартуе, што праз заходнія санкцыі даволі паспяхова перанакіраваныя гандлёвыя патокі на Расею ды Кітай. Маўляў, з пачатку года экспарт у краіну-суседку павялічыўся на 30%, у Паднябесную – у два з паловаю разы.

Дзмітрый Крук кажа:

«Гэта абсягі знешняга гандлю ў намінальным выражэнні ў доларах. Яны з пункту гледжання аналізу макраэканамічыных тэндэнцый менш істотныя, чым фізічныя аб‘емы. І вось гэты паток у грашовым вымярэнні, ён не адказвае на пытанні, якая будзе дынаміка заробкаў, занятасці ці беспрацоўя, і гэтак далей».

Што да фізічных аб’ёмаў, то статыстыка гэтая ў Беларусі засакрэчаная яшчэ з траўня. У Белстаце нам патлумачылі такую сакрэтнасць, цытата, недружалюбнай санкцыйнай палітыкай заходніх краінаў. Але якая, паводле, чыноўнікаў тут карысць грамадству:

«Прадпрыемствы працягваюць працаваць, паспяхова прадаваць на экспарт сваю прадукцыю. У тым ліку і ў недружалюбныя краіны. То бок фактычна абыходзяць санкцыі».

Аднак, паводле экспертаў, стабільнасць росту экспарту тых жа нафтаперапрацоўкі і калійных угнаенняў застаецца пад пытаннем. У першую чаргу яна будзе вызначацца трываласцю новых лагістычных ланцужкоў, якія паспеў наладзіць рэжым Лукашэнкі.

Паводле Дзмітрыя Крука:

«Тут з вялікай імавернасцю важную ролю адыгрывае так званая кампенсацыя падатковага манеўры расейскага, што дае магчымасць быць канкурэнтаздольным на расейскім рынку».

Таксама спрыяе і зніжэнне цаны на расейскую нафту. Але ці ёсць перспектывы ў пазітыўнай дынамікі?

Эканаміст кажа, што самая вялікая незразумелая пераменная – вайна Расеі супраць Украіны. Яна наўпрост знішчае расейскую эканоміку, да якой так моцна прывязаная і беларуская. Паводле прагнозу, толькі ў гэтым годзе валавы ўнутраны прадукт у Расеі ўпадзе на 5-10%. Мікалай Кулбака дадае:

«Ужо цяпер зразумела, што падзенне не абмяжуецца толькі гэтым годам, наступны год таксама прагназуецца зніжэнне. Будуць праблемы з бюджэтам, вось сёння абвешчана, што ўжо трыльён рублёў з Фонду нацыянальнага дабрабыту накіраваны на затыканне дзірак у бюджэце».

Сярод іншых фактараў, што маглі паспрыяць запавольванню падзення беларускага ВУП і экспарту, эканамісты называць сыход з Расеі шматлікіх вытворцаў ды брэндаў, чые нішы цяпер і спрабуе заняць айчынная вытворчасць.

Беларускі ўрад закладвае ў планы на 2023 год рост валавога ўнутранага прадукту на 3,8%. З такімі лічбамі катэгарычна не згодны Міжнародны валютны фонд.

Паводле ягонага прагнозу – у наступным годзе беларускі ВУП вырасце максімум на 0,2%. Фонд таксама прагназуе падзенне беларускага ВУП на 7% ды інфляцыю ў 16,5% яшчэ сёлета. Эканамісты ж дадаюць, што калі рэжым Лукашэнкі паўнавартасна далучыцца да агрэсіі пуціна ва Украіне, казаць аб нейкіх перспектывах беларускай эканомікі ўвогуле не выпадае.

Уладзіслаў Корсак, Марына Яновіч, «Белсат»