Беларуская мова для дзяцей у Беластоку


Зміцер Антончык – бацька чатырох дзяцей, трое з якіх ходзяць у беластоцкую школу № 4. Раней яны вучыліся ў Беларусі. Зміцер лічыць надзвычай важным, каб яны ведалі сваю мову і культуру. І калі ў Беларусі, нягледзячы на шматгадовую палітыку русіфікацыі, ягоныя дзеці ўсё ж вывучалі родную мову і літаратуру хаця б некалькі разоў на тыдзень, то ў Польшчы такой магчымасці яны не маюць. У адрозненне ад іншых дзяцей з гэтай самай школы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Атрымалі пасля 1 верасня расклад урокаў і там была гісторыя беларускай культуры і беларуская мова», – кажа Зміцер Антончык.

«Я вельмі ўзрадаваўся таму, што дзеці будуць вучыць. Але аказалася, яны не могуць наведваць гэтыя ўрокі. Таму калі ўвесь клас ідзе на заняткі беларускай мовы, а нашыя дзеці проста ідуць дадому».

Зміцер не адзіны беларус, чые дзеці трапілі ў такую сітуацыю. Згодна з польскім заканадаўствам, беларускую мову ў дзяржаўных школах Польшчы маюць права вывучаць толькі дзеці грамадзянаў Польшчы, якія лічаць сябе беларусамі. У Беластоку такія заняткі праходзяць акурат у школе № 4. Каб выправіць сітуацыю і займацца беларускаю моваю змаглі дзеці ўсіх беларусаў, што цяпер жывуць у Польшчы, прадстаўнікі дыяспары склалі адпаведную петыцыю. На думку актывістаў, жаданне і настойлівасць бацькоў змогуць паўплываць на сітуацыю.

«У свой час менавіта такім шляхам быў прыняты закон аб мовах нацыянальных меншасцяў», – мяркуе прадстаўніца беларускай дыяспары Ганна Дар.

«Дзеці-беларусы, прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў атрымалі магчымасць вывучаць беларускую мову. Зараз мы хочам пайсці гэтым шляхам і дабіцца гэтага права і для дзяцей якія не маюць грамадзянства {Польшчы}».

Згодна Дэпартаменту ў справах іншаземцаў у Польшчы на законных падставах жывуць блізу 60 тысяч грамадзянаў Беларусі. За два гады з прычыны палітычных рэпрэсіяў і пагаршэння эканамічнай сітуацыі на радзіме, беларусаў у Польшчы значна паболела. Між тым, вывучэнне дзецьмі роднай мовы Ганна Дар лічыць надзвычай важным. Пагатоў, большасць з іх удома аказваецца ў расейскамоўным асяроддзі, а ў школе – у польскім. Таму беларуская мова можа быць інструментам спазнання гісторыі ды культуры народу.

«Мова гэта не толькі камунікатыўная функцыя. Мова гэта таксама сістэма знакаў, праз якую мы кадзіруем мінуўшчыну, цяпершчыну, будучыню. Гэтую сістэму знакаў мы б хацелі перадаць нашым дзецям», – кажа Ганна Дар.

Збіраць подпісы беларуская дыяспара Беластоку працягне да канца лістапада (заяву можна запоўніць на адрасе Сенкевіча 44 з панядзелка да пятніцы). Затым плануецца даслаць іх у Дэпартамент адукацыі. Актывісты спадзяюцца, што польскія чыноўнікі прынамсі на наступны навучальны год улічаць жаданне беларускіх бацькоў навучаць дзяцей роднай мове.

Ян Федаровіч, «Белсат»