У пратэставым Іране запрацуе «STARLINK»


Ілан Маск запускае спадарожнікавую інтэрнэт-сетку «Старлінк» у Іране. Такім чынам кіраўнік «Space X» і «Тэслы» адрэагаваў на паведамленне Міністэрства фінансаў ЗША аб надаванні іранцам «больш шырокага доступу да лічбавых камунікацыяў»… Тым часам, у Іране не сціхаюць пратэсты з нагоды смерці студэнткі Махсы Аміні, нягледзячы на блакаванне ўладамі інтэрнэту для большасці грамадзянаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паляць паліцэйскія аўтамабілі ды будуюць барыкады. У шэрагу іранскіх гарадоў, у тым ліку, у сталіцы – Тэгеране – працягваюцца антыўрадавыя пратэсты ў сувязі са смерцю 22-гадовай студэнткі Махсы Аміні.

Паведамляецца пра сутыкненні з сілавікамі, якія затрымалі прынамсі тры дзясяткі студэнтаў Тэгеранскага ўніверсітэту. Не абышлося і без ахвяраў з абодвух бакоў: паводле розных звестак, колькасць загінулых можа перавышаць 30 чалавек.

Смерць іранскай курдкі Махсы Аміні, якая памерла пасля затрымання паліцыяй нораваў нібыта за парушэнне правілаў нашэння хіджабу, выклікала наймацнейшыя пратэсты ў гэтай краіне за апошнія гады. Паводле відавочцаў здарэння, дзяўчыну моцна збівалі ў аўтазаку, пасля чаго яна ўвайшла ў кому. У адказ на жорсткасць сілавікоў іранскія жанчыны па ўсім свеце дэманстратыўна зрываюць хусткі, кідаюць у вогнішчы хіджабы, некаторыя – адразаюць валасы і скандуюць «Смерць дыктатару!»

«Гаворка ідзе пра асновы, якія патрэбныя людзям: а менавіта – правы чалавека. Гаворка ідзе пра тое, каб мець магчымасць жыць на свабодзе, выходзіць на свабоду і верыць у тое, што вы хочаце. Каб вам дазволілі трымацца палітычнага кірунку, якога вы хочаце. Народ Ірану больш не хоча Ісламскай рэспублікі», – кажа падчас акцыі салідарнасці ў Берліне іранская пратэстоўка Даньеля Шэфэры.

З прычыны заходніх санкцыяў Іран перажывае моцны эканамічны крызіс. Ці чакае жаночы пратэст той жа лёс, што і папярэднія выступы супраць рэжыму аятолаў?

«Я б сказаў, 98 адсоткаў, што нічога не будзе, але 2 адсоткі – можа, тэарэтычна, што гэта выльецца ў нейкія перамены. Але толькі ў адным выпадку – калі іранскія эліты не прадэманструюць еднасці», – прагназуе эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Сусветная дэмакратычная супольнасць ужо асудзіла дзеянні іранскіх уладаў, а Мінфін ЗША ў чацвер увёў санкцыі супраць шэрагу сілавікоў, якіх у Вашынгтоне лічаць датычнымі да смерці Махсы Аміні.

Віталь Бабін, «Белсат».