«Батальён стаў палком і ваюе за нас, робіць беларускую нацыю». У Вільні прайшоў канцэрт падтрымання палка Каліноўскага


Цэнтр Вільні – раён Ужупіс. Менавіта тут сёння праходзіць дабрачынны канцэрт, прысвечаны падтрымцы палка Каліноўскага. Сродкі, сабраныя на гэтым канцэрце, пойдуць на дапамогу нашаму палку. Імпрэзу наведалі не менш за дзве сотні асобаў. Пераважна – беларусы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Важна, каб людзі ведалі і бачылі (як звычайныя, так і полк Каліноўскага) адзінства, салідарнасць з імі, што іх падтрымліваюць», – кажа наведвальнік канцэрту, беларус Ігар.

«Дзякуючы вашым хлопцам, атраду Каліноўскага… Я раней не ведала пра гэты полк, што ёсць такія смелыя хлопцы, якія з 2014 года падтрымліваюць Украіну і змагаюцца плячом да пляча з нашымі ваярамі», – распавядае ўкраінка Вольга.

Сярод наведвальнікаў канцэрта быў і Аляксандр Цярэшчанка. У 2014 годзе пры абароне Данецкага аэрапорту ў ягоных руках выбухнула граната, якую ён спрабаваў адкінуць. Аляксандр страціў рукі. Сёння ён кажа пра важную ролю беларусаў у вайне.

«Я вельмі шмат чуў пра тое, як ваююць беларусы, я ведаю, што ім увесь час адпраўляюць адсюль дапамогу, я ведаю, што гэтым людзям можна давяраць спіну, і вялікі гонар быць з імі ў адным шыхце. Той батальён, які ўжо стаў палком і ваюе за нас, яны робяць беларускую нацыю».

Раён, які жартаўліва называюць Рэспублікай Ужупіс – за сваю дэкларацыю, з першых дзён 2014 года займаецца дапамогай Украіне.

«Сляпой дапамогі не вязем. Гэта, напэўна, медыкаменты, сродкі для спынення крыві, шмат каштоўнай электронікі: яна паляпшае тэхнічнае забеспячэнне байцоў. Ёсць тактычныя рэчы: трэба людзей апранаць», – кажа суарганізатар канцэрту Сакалас Гарадзяцкіс.

На канцэрце выступалі ўкраінскія, літоўскія і беларускія гурты, у тым ліку гурт «True story», заснаваны забітым ва Украіне байцом палка Кастуся Каліноўскага Васілём Грудовікам.

Алёна Дубовік, «Белсат»