Смяротнасць у Беларусі ў 2020 перавысіла лічбы 2019 года амаль на 40%


Але няма дадзеных па смерцях ад COVID-19

У 2020 годзе колькасць летальных выпадкаў у стацыянарах вырасла на 39 адсоткаў у параўнанні з 2019 годам – 56 832 два чалавекі і 40 845 чалавек адпаведна. Гэта вынікае з дадзеных, апублікаваных у афіцыйным статыстычным зборніку аховы здароўя.

«Пераважны рост захворвальнасці прыйшоўся на інфекцыйныя захворванні, хваробы органаў дыхання – лагічна, кудысьці трэба было ўпісаць COVID», – мяркуюць у тэлеґрам-канале медычнай ініцыятывы «Белыя халаты».

У зборніку адсутнічаюць дадзеныя наконт смяротнасці ад COVID-19, бо ў Беларусь вірус прыйшоў леташняю вясною. Колькасць летальных выпадкаў вырасла ад пнеўманіі, сасудзістых захворванняў галаўнога мозгу ды ішэмічнай хваробы сэрца.

«…толькі развагі на тэму ковіднай летальнасці ў Беларусі, але, усё ж, наводзяць на пэўныя думкі адносна таго, што або якасць дапамогі «сардэчнікам» за год пагоршылася, або хтосьці вельмі моцна хлусіць», – зазначаюць у тэлеграм-канале медычнай ініцыятывы.

Сёння ж у Беларусі новы рэкорд захворванняў на COVID-19 – амаль 2 тысячы чалавек і 12 памерлых. Неспрыяльнай застаецца сітуацыя і ў медычных установах, пра што сведчаць чэргі з хуткіх дапамогаў пад лякарнямі. Па некалькі гадзінаў людзі не могуць патрапіць на прыём да лекараў, пра гэта «Белсату» распавядаюць чытачы:

«У Навагрудку большасць аддзяленняў лякарні пераведзена пад каронавірус. Месцаў у рэанімацыі не стае нават немаўлятам (так кажуць медыкі)».

«Удваіх з мужам на таксі паехалі ў паліклініку, каб зрабіць здымак, бо ўжо тыдзень трымалася тэмпература. Дзве гадзіны пад дажджом стаялі ў чарзе. Запаленне лёгкіх пацвердзілася. Затым 40 хвілін у чарзе да доктара».

«У паліклініцы аўрал, па 4 гадзіны мінімум трэба сядзець. Усе, каму пацвердзілі, хто на тэст – усе сядзяць. Асабіста мне бальнічны закрылі праз 7 дзён ізаляцыі, хоць і станоўчы тэст».

Міністэрства здароўя сцвярджае, што на сёння перапрафіляваная дастатковая колькасць лякарняў для медычнай дапамогі каронавірусным пацыентам.

Марыля Дакуцька, «Белсат»