Разам – хутчэй да мэты. Беларусы свету гуртуюцца


Рэжым ліквідаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», якое дзейнічала 30 год. Сімвалічна ў гэты дзень у Вільні распачалося спатканне беларусаў з 27 краінаў свету. Гэта каля 60-ці дэлегатаў, дэлегаваных ад 40-ка арганізацыяў. На жаль, не ўдома, але сабраліся дзеля таго, каб наблізіць падзенне рэжыму Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў і сваё вяртанне дамоў.

«Нас аб’ядноўвае сапраўды Бацькаўшчына. Са святам вас!» – гэтак у лістападзе 2010-га года чыноўнік Павел Латушка віншаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» з 20-цігоддзем. Праз 11 гадоў ужо з апазіцыйнай трыбуны канстатаваў: «Не здарма менавіта сёння было прынятае рашэнне аб ліквідацыі ЗБС »Бацькаўшчына«. Кіраўнік НАУ лічыць, што суд над »Бацькаўшчынаю« адмыслова перанеслі на 24-га верасня, калі ў Вільні распачалася Канферэнцыя беларусаў свету з удзелам дэлегатаў з 27-і краінаў.

Hавiны
«Трэба перасабраць сілы». У Вільні праходзіць Канферэнцыя беларусаў свету
2021.09.24 18:43

»Я думаю вельмі важна выйсці на агульны кангрэс беларусаў і паказаць рэжыму, што менавіта беларускі народ зʼяўляецца адзінаю крыніцаю ўлады ў краіне«, – рэзюмаваў.

Адкрывала падзею Святлана Ціханоўская – падзякаю старой дыяспары і асобна – беларусам, якія пакінулі радзіму ў апошні год.

«Беларусы за мяжою правялі экзітполы пад час выбараў, праводзілі акцыі салідарнасці. Вы ўтрымліваеце цікавасць СМІ да беларускага пытання, фінансава дапамагаеце беларусам і ініцыятывам унутры краіны. Вы камунікуеце з палітыкамі. Кіраўнік літаральна кожнай краіны ведае, што ёсць беларуская дыяспара і супрацоўнічае з ёй», – адзначыла Святлана.

Галоўныя пытанні на 2 дні – як узмацніць і зрабіць рэгулярнаю дапамогу беларусам і ініцыятывам унутры краіны? Як узмацніць ціск на рэжым? І ўрэшце – як скаардынаваць супрацу дыяспары ўсяго свету?

Для тых хто эміграваў сам ці вымушана знаходзіцца не ў Беларусі але хацеў бы працаваць і з палітычнымі офісамі і па міжсобку – зялёнае святло.

Паліна Прысмакова, прафесарка прафесарка Флорыдскага атлантычнага ўніверсітэту:

»Мая ідэя прадставіць нашыя арганізацыі, а таксама паказаць працу, якая вялася яшчэ да 2020 года, дадаць троху гістарычнага экскурсу і ракурсу да ўсёй сітуацыі«.

Гэта культурніцкія і спартовыя імпрэзы, мітынгі, пікеты… якія абʼядноўвалі беларусаў за акіянам не адзін год… Пад час візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША мы бачылі, наколькі вялікая і крэатыўная тамтэйшая дыяспара.

Ірына Маклэйн прадстаўляе »народную амбасаду« у Шатландыі і Вялікай Брытаніі. Прасоўвае ініцыятыву дапамогі дзецям з палітычнымі тэрмінамі. Напрыклад, у нядзелю адбудзецца міжнародны футбольны матч у падтрымку Аляксандра Івуліна. Таксама Ірына прадстаўляе праект «Народная амбасада» у Шатландыі і Вялікай Брытаніі.

»Гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з суайчыннікамі і пачуць, чым яны дыхаюць у розных краінах, бо мы імкнемся да таго самага«, – кажа яна.

Прысутныя ў залі і онлайн госці пазнаёміліся з прэзентацыяй варыянтаў стратэгіі супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі.

Правялі таксама сумленнае галасаванне за тры прыярытэты з шэрагу прапанаваных.

– дэлегітымізацыя рэжыму і выключэнне з міжнародных структураў,

– выпрацоўка бачання Новай Беларусі / візуалізацыя рэформаў,

– міжнародныя судовыя працэсы / збор доказаў злачынстваў рэжыму.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка лічыць:

»Паколькі прыхільнікаў перамен сілаю выціскаюць з краіны, нам трэба перасабраць сілы, арганізавацца як след і працаваць больш эфектыўна, каб дапамагчы беларусам, якія змагаюцца ўнутры краіны. Мы абмяркуем таксама формы эканамічнага ціску, палітычнай адвакатыкі, дапамогу рэпрэсаваным, медыям, праваабаронцам«.

Спадзеў на тое, што наступная сустрэча дэмакратычнай супольнасці адбудзецца ў Менску пасля падзення сілавой дыктатуры.

Юлія Цяльпук, «Белсат»