Следчыя выяўляюць пратэстоўцаў праз відэа. Як гэта працуе


Менскія следчыя стварылі «крыміналістычную відэатэку» з сотняй тысяч файлаў. З яе дапамогаю сілавыя структуры быццам бы ўжо выявілі больш за тысячу чатырыста ўдзельнікаў вулічных пратэстаў. Паводле версіі прадстаўніка Следчага камітэту, гэта «ўдзельнікі вулічнага тэрору». Разбіраемся, наколькі такі інструмент у руках сілавікоў рэальны і чаму рэжым падкрэслівае яго менавіта сёння.

Пра бесперапынную працу для высвятлення асобы кожнага ўдзельніка так званых вулічных беспарадкаў адсправаздачылася Упраўленне следчага камітэту па Менску. Для гэтага следчыя нібыта стварылі так званую крыміналістычную відэатэку, якая складаецца з сотняў тысяч файлаў.

«Стварэнне крыміналістычнай відэатэкі – фактычна сведчанне той стратэгіі, якую Лукашэнка акрэсліў яшчэ год таму падчас прэс-канферэнцыі на першую гадавіну пратэстаў у жніўні 2020 года, – кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. – Ён сказаў, што высветлілі каля 50 тысяч партрэтаў, твараў грамадзянаў Беларусі, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту. Фактычна ён тады публічна заявіў пра тую задачу, якую паставіў перад сілавым блокам, паліцэйскаю машынаю».

Паводле суразмоўцы агенцтва БелТА, дзякуючы «крыміналістычнай відэатэцы», менскія следчыя высветлілі больш за тысячу чатырыста пратэстоўцаў. 280, як іх называюць ва ўпраўленні, «удзельнікаў вулічнага тэрору», затрыманыя за апошнія паўгода. Двумстам трыццаці васьмі з іх ужо выстаўленыя абвінавачанні, яны пад вартаю.

«Відавочна, што стварэнне такой базы для аператыўных мэтаў дазваляе паставіць працу органаў – і вышуку, і следства – на паток, калі можна ствараць справы, практычна не выходзячы з кабінету», – мяркуе праваабаронца з «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

На думку праваабаронцы, у «крыміналістычную відэатэку», імаверна, уваходзяць як вынікі працы аператараў органаў Міністэрства ўнутраных справаў, так і матэрыялы СМІ, і знойдзенае – альбо, можна меркаваць, нават выбітае – у тэлефонах і камп’ютарах пратэстоўцаў.

Узбуджэнне справаў і прыцягванне да крымінальнай адказнасці працягваецца, гэта акурат праца з такімі матэрыяламі постфактум. Часу прайшло шмат, а матэрыялы ёсць, па іх вядзецца праца, і калі па першым часе прыцягваліся відавочныя ўдзельнікі, то цяпер выцягваюць паводле іншых прыкметаў і матэрыялаў усё больш і больш людзей.

Мэта рэжыму, кажуць праваабаронцы, – працягваць узбуджаць як мага больш крымінальных справаў і такім чынам падтрымліваць узровень страху ў грамадстве. І ў гэтай вайне для сілавікоў усе сродкі добрыя. Нават далучаць да справы медыйныя матэрыялы, якія не маюць да яе дачынення, альбо выкарыстоўваюць матэрыялы, атрыманыя з парушэннем закону, то бок шантажом ці катаваннем. У выкрыцці існавання «крыміналістычнай відэатэкі» мэта можа быць тая ж.

«Чаму менавіта цяпер гэта робіць рэжым Лукашэнкі? Бо напружанне існуе, яно звязана і з вайной ва Украіне, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, які падтрымлівае Расею, ён разумее, што ў грамадстве ёсць даволі значная частка, якая радыкалізуецца ў сэнсе гатовасці весці барацьбу, калі парушаюць правы беларусаў», – тлумачыць Павел Латушка.

Каб засцерагчы іншых ад небяспекі, лепш не мець у лёгкім доступе, а тым больш не публікаваць фота і відэа з пратэстаў, на якіх відаць твары ўдзельнікаў.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»