Дзень Незалежнасці Украіны адзначаюць усім светам


Паўгода ва Украіне ідзе вайна супраць захопнікаў з суседняе дзяржавы. Таму Дзень Незалежнасці Украіны ў гэтым годзе адзначаецца выняткава – з мінутаю маўчання па загінулых ды з малітваю пра заканчэнне вайны. Сёлета свята сталася сімвалам вялікага адзінства не толькі ўкраінскага народу, але і народаў цэлага свету за мір, справядлівасць і жыццё! Украінскі сцяг сёння пабачым у сотнях гарадоў.

У Польшчы, гэтак і ў Літве, якія прынялі, бадай, найбольш уцекачоў з ахопленай вайною Украіны, Дзень Незалежнасці адзначалі найбольш масава. Гэтак, у Вільні нашая камера пабывала на ўскладанні кветак да помніку Тарасу Шаўчэнку.

«Нашая дзяржаўнасць мае больш за тысячу гадоў. Кіеўская Русь. Казацтва. Сёння мы змагаемся, як 100, 200 і 300 гадоў таму, супраць той жа імперыі», – развёў рукамі амбасадар Украіны ў Літве Пятро Бэшта.

У Вільні таксама адкрылі выставу дзіцячых малюнкаў, якую наведала прэзідэнцкая сям’я. У дзясятках гарадоў свету ў гэтыя хвіліны гучаць прысвечаныя Украіне канцэрты, а перад гэтым адбыліся мітынгі або шэсці. Вайна за незалежнасць назаўжды змяніла план адзначэння Дня Незалежнасці, пагатоў праз тое, што на гэты дзень прыпала шэсць месяцаў з моманту поўнамаштабнага ўзброенага ўварвання Расеі.

«24 лютага ўся Украіна пачула выбухі і стрэлы. І 24 жніўня «не павінная была» пачуць словаў «З Днём Незалежнасці». 24 лютага нам казалі: у вас няма шанцаў. 24-га жніўня мы кажам: З Днём незалежнасці, Украіна!» – урывак з прамовы Уладзіміра Зяленскага.

Былы народны дэпутат, адзін з заснавальнікаў Народнага руху Украіны Іван Заяц быў сярод тых, хто ў 1991-ым годзе заносіў украінскі двукалор у парламент. Згадвае, як гэта было:

«Цэлы дзень перад сценамі Вярхоўнай Рады стаялі дзясяткі тысяч людзей, трымалі жоўта-блакітны сцяг вялізнага памеру і чакалі, пакуль будзе прынятае рашэнне пра незалежнасць Украіны… І не проста чакалі – а патрабавалі!»

«Незалежнасць! Незалежнасць! Незалежнасць!» – скандавалі людзі ўвесь дзень. Змаганне за абвЕшчанне незалежнасці Украіны было вельмі жорсткім, бо яно пацягнула за сабою ліквідацыю камуністычнай сістэмы Савецкага Саюзу…

Воля народу быць незалежным ад Расеі і самастойна выбіраць свой шлях сёння не меншая, чымся ў дзевяноста першым, кажа колішні дэпутат Іван Заяц:

«Мы сёння на гэтай вайне ратуем не толькі сябе і шукаем перспектыву не толькі для сваёй нацыі. Мы ратуем сёння Еўропу ад наўпроставай расейскай ваеннай пагрозы. Гэта фактычна барацьба варварства з цывілізацыяй».

Разумець украінскае супрацьстаянне шырэй за змаганне таталітарызму з дэмакратыяй Кіеў заклікае з першых тыдняў вайны. Краіны Захаду – чуюць. Прэмʼер-міністр Брытаніі сёння ў сталіцы краіны.

«Я ні на секунду не сумняваўся, што Украіна пераможа ў гэтай барацьбе, бо ніякая сіла на зямлі не зможа пераадолець патрыятызм 44 мільёнаў украінцаў. І колькі б часу гэта ні заняло, Злучанае Каралеўства будзе падтрымліваць Украіну і надаваць усю магчымую вайсковую, эканамічную і гуманітарную дапамогу», – заявіў Борыс Джонсан.

Словы падтрымання сёння прагучалі ад лідараў такіх дэмакратычных дзяржаваў, як Францыя, Нямеччына, і ад імя ўсіх краінаў Абʼяднанай Еўропы.

Да Дня Незалежнасці Украіны рыхтаваліся і акупацыйныя войскі. Ударылі па Дняпры, абстралялі Данецк і тры гарады Запарожскай вобласці, адзін з раёнаў Харкава, яго горад-спадарожнік Дзергачоў і Малую Данілаўку. Украінскае войска – не спала.

«Працуем ноччу, з увагі на бяспеку. Каб захаваць нашыя пазіцыі, з якіх мы выконваем свой абавязак. Кожны раз вораг адказвае агнём на стрэлы нашых гарматаў», – кажа ўкраінскі жаўнер.

У некалькіх зонах ваенных дзеянняў ад учора ўвялі каменданцкую гадзіну, якая скончыцца я сёмай раніцы ў чацвер. Абаронцы Украіны вераць, што ў наступным годзе адзначаць Дзень Незалежнасці стрэлам корка ад шампанскага.

Юлія Цяльпук, «Белсат»