Саюз беларускіх пісьменнікаў пад пагрозай


Дайшла чарга да майстроў слова. У Вярхоўным Судзе адбылося апытанне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў, найстарэйшага творчага аб’яднання краіны, заснаванага яшчэ ў 1934-ым годзе Янкам Купалам і Якубам Коласам. Да дзейнасці саюзу, які сёння налічвае больш за 450 сябраў, спрычыніліся Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і шмат іншых творцаў.

«Гэта народныя пісьменнікі і народныя паэты, якія ўсе ўваходзілі менавіта ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Таму гэта галоўная літаратурная арганізацыя, галоўны творчы саюз у Беларусі», – перакананы паэт і перакладчык, сябра СБП Андрэй Хадановіч.

З 2005-га года ў краіне дзеіць і альтэрнатыўны, лаяльны да ўлады Саюз пісьменнікаў Беларусі. І цяперашні пазоў на ліквідацыю, які падало Міністэрства юстыцыі, далёка не першая спроба здушыць незалежнае аб’яднанне. За гады кіравання Лукашэнкі ў арганізацыі адабралі і будынак Дому літаратара, і перыядычныя выданні, заснавальніцай якіх яна была. А паўтара месяца таму ператрус прайшоў у офісе грамадскага аб’яднання і ў кватэры яго старшыні Барыса Пятровіча, з якога ўзялі падпіску пра нявыезд і неразгалошванне.

Калі ўзнікаюць пытанні, вартыя вырашэння, у грамадстве, то Саюз беларускіх пісьменнікаў разам з грамадствам, ён выказваецца, з’яўляюцца адкрытыя лісты, з подпісамі вядомых аўтарытэтных людзей, чальцоў Саюзу пісьменнікаў», – кажа незалежная пісьменніца, былы сакратар СБП Віка Трэнас.

Саюз беларускіх пісьменнікаў без падтрымання дзяржавы ладзіць шэраг штогадовых літаратурных фестываляў і прэміяў, выдае некалькі кніжных серыяў ды літаратурную перыёдыку і вядзе Школу маладога пісьменніка. Заняткі ў ёй не толькі дапамагаюць удасканальваць здольнасці ды атрымліваць кампетэнтныя кансультацыі, але і фармуюць светапогляд, стаўленне да мовы і культуры, адзначае Віка Трэнас:

«Вельмі шмат хто з выпускнікоў Школы маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў пачыналі як расейскамоўныя, а ў выніку выпускаліся ўжо аўтарамі кніг, якія выдаваліся там жа, і таксама станавіліся беларускамоўнымі або білінгвамі».

Знішчэнне такога асяродку – культурніцкая катастрофа, але, зліквідаваўшы пісьменніцкую арганізацыю, немагчыма зліквідаваць ні пісьменнікаў, ні творчасць, ні літаратурную актыўнасць, перакананы Андрэй Хадановіч:

«Улада выштурхоўвае творчыя сілы на яшчэ большы маргінэс. То бок ніхто не перастане пісаць, выдаваць кнігі, часопісы, рабіць літаратурныя падзеі, проста гэта ўсё выпіхваецца глыбока ў партызанскі рух, партызанскую дзейнасць».

Міжнародныя пісьменніцкія арганізацыі выказваюць салідарнасць беларусам, праз збіранне подпісаў і міжнародныя заявы на падтрыманне саюзу пісьменнікаў ды іншых арганізацыяў трэцяга сектару, што зазнаюць ціск.

«Я не асабліва веру, што наш рэжым і сілавікі чытаюць гэтыя заявы і прымаюць іх да ўвагі. Але нам так прынамсі лягчэй – мы разумеем, што шмат хто з людзей у свеце думае пра нас, перажывае за нас і гатовы нам пасільна дапамагчы», – кажа Андрэй Хадановіч.

Па выніках сённяшняга апытання ў Вярхоўным Судзе дату судовага паседжання не прызначылі, чакаюць дадатковых дакументаў, якія Саюз пісьменнікаў не здолеў даць, бо офіс арганізацыі апячатаны. Але ўжо заўтра – разгляд пазову пра ліквідацыю згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», а яшчэ праз два дні падобная працэдура чакае Таварыства беларускае мовы. 30-га ліпеня Лукашэнка налічыў у Беларусі ажно 185 дэструктыўных недзяржаўных арганізацыяў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»