Лукашэнка ўдзячны самай бязлітаснай дзяржабвінаваўцы

За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокія паказнікі ў службовай жа дзейнасці Лукашэнка абвесціў падзяку шэрагу пракурорскіх работнікаў. Сярод якіх – Аліна Касьянчык, старэйшая памочніца пракурора Фрунзенскага раёну Менску. Шматгадовай працу 23-охгадовай дзяржаўнай абвінаваўцы не назавеш, але плённаю – так:

Касьянчык актыўна бярэ ўдзел у палітычных працэсах:

– яна падтрымала абвінавачанне ў «справе журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія атрымалі два гады калоніі за стрым з плошчы Пераменаў,

– для ратавальніка МНС, які браў удзел у пратэстах, яна запатрабавала чатыры з паловаю гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму,

– за надпіс на асфальце «Не забудзем!» Касьянчык палічыла адпаведным для маладзёна пакаранне – два гады зняволення,

– студэнту за надпіс асадкаю на старой аб’яве – паўтара года зняволення,

– і 7 гадоў зняволення дызайнеру за заклік у сацсетках узяць удзел у пратэстах.

Аліна Касьянчык заслужана атрымала рэпутацыю бязлітаснай дзяржаўнай абвінаваўцы. Ацанілі ейную працу і на Захадзе ды ўнеслі прозвішча ў еўрапейскі санкцыйны спіс.

Тым часам тых, хто абараняе правы беларусаў, улады рэпрэсуюць: паралізавалі дзейнасць праваабарончых арганізацыяў, каля 30-ці адвакатаў пазбавіліся ліцэнзіяў.

«Да жніўня 2020 года правілы гульні былі зразумелыя, і некаторыя прававыя механізмы працавалі. У дачыненні палітычных зняволеных не было ніякіх відавочных катаванняў. Цяпер мы бачым поўнае прававое бязмежжа ў Беларусі. Паняцця закону ў прынцыпе не існуе», – кажа Сяргей Усцінаў з “Прававой ініцыятывы”.

Адвакатаў не дапускаюць да кліентаў і праводзяць гэтак званыя аператыўныя захады.

«На чалавека могуць ціснуць, збіваць. Калі ў чалавека няма надзеі на тое, што адвакат прыйдзе да яго і дапаможа, атрымліваецца прызнанне нават у тым, чаго чалавек не здзяйсняў», – распавядае Вікторыя Фёдарава, чалец міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі.

Калі ж адваката і дапускаюць да абвінавачваных, то ўсе размовы кантралююцца.

«Мы былі ў масках (падчас сустрэчы з кліентам). Калі, напрыклад, мая маска была крыху ніжэй майго носа, я чую тэлефонны званок па тэлефоне на стале, я адказваю на яго і чую голас, які кажа мне: «Надзень маску». Гэта такі просты спосаб паказаць вам, што мы вас чуем, мы назіраем за вамі, і ўсё, што вы кажаце свайму кліенту, здымаецца на камеру», – распавёў пазбалены ліцэнзіі юрыст Міхаіл Кірылюк.

Адвакаты ў адзін голас заяўляюць, што аніяк уплываць на вынясенне палітычна матываваных выракаў не могуць.

«У сённяшняй сітуацыі місія адваката складаецца ў тым, каб данесці да грамадскасці той факт, што судовая сістэма выносіць абсалютна незаконныя прысуды і што праваахоўныя органы фабрыкуюць справы», – кажа Сяргей Зікрацкі, прадстаўнік Ціханоўскай у прававых пытаннях.

На сёння ў Беларусі 645 асобаў прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Вольга Старасціна, «Белсат».

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама