БелаПАН: ужо тыдзень за кратамі


Ужо тыдзень у якасці падазраваных у нібыта арганізацыі ды рыхтаванні пратэстаў на Акрэсціна застаюцца тры работнікі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Галоўная рэдактарка Ірына Леўшына, бухгалтарка Кацярына Боева і былы дырэктар Дзмітрый Наважылаў. Адвакаты паведамляюць пра кепскія ўмовы ўтрымання: Леўшынай не далі матраца і падушкі. І наагул, як і астатнім, з перадачы аддалі толькі сродкі гігіены і трохі вады.

«Чаму «шыюць», прабачце за такую грубасць, вось гэты артыкул? Мы ж ніякія не рэвалюцыянеры, мы журналісты, мы робім сваю справу. Бачыце, у Беларусі ўжо прафесійная дзейнасць журналістаў, калі гэта не дзяржаўны прапагандыст, фактычна крыміналізуецца», – лічыць журналіст і палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

18-га жніўня ператрусы адбыліся ня толькі ў белапанаўцаў, але і ў рэдакцыйным памяшканні. Цяпер частка калегаў – у вымушанай эміграцыі, а сайт недасяжны. І гэта вельмі моцны ўдар, кажа Аляксандр Класкоўскі.

«Бачыце, як беларускія ўлады вырашаюць пытанні канкурэнцыі ў інфармацыйнай прасторы: яны прыходзяць проста, вышморгваюць штэпсель з разеткі – і пытанне вырашанае, такім грубым, прымітыўным спосабам», – працягвае думку Аляксандр Класкоўскі.

Але чаму менавіта цяпер? Аляксандр Класкоўскі бачыць у гэтым спробу ўладаў канчаткова знішчыць усе незалежныя медыі ў Беларусі. Бо БелаПАН – гэта і яшчэ адзін інфармацыйны партал, Naviny.by.

«БелаПАН, хоць яго і ствараў у свой час Алесь Ліпай… Ён сам быў паэт, чалавек эмацыйны, палымяны, але ён зразумеў, што ёсць запыт менавіта на дакладную, сухую, верыфікаваную інфармацыю, паводле стандартаў сусветных агенцтваў. Ён ствараў кампанію менавіта паводле такой мадэлі. Так што высокапрафесійная праца ў інфармацыйным рэчышчы меней давала падставаў прычапіцца», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

У выніку БелаПАН, створаны Алесем Ліпаем 30 гадоў таму, перажыў свайго заснавальніка. Праз цяжкую хваробу выбітны беларускі журналіст памёр 23-га жніўня 3 гады таму. Акрамя інфармацыйнага дзецішча, ён пакінуў пасля сябе і вершы, якія лягуць у аснову альбому беларускага музыкі Змітра Вайцюшкевіча. Пры жыцці Алеся яны разам паспелі запісаць тры песні, дзве з якіх Зміцер выконвае на сваіх канцэртах.

«Не ведаю, як пра творчасць… Гэта ўсё так тэрмінова. Ён не патрабуе як бы ў маім унутраным свеце заўтра рабіць. Зараз скончу рокавы альбом і вазьмуся за тыя працы, якія ў мяне яшчэ засталіся. Яшчэ трэба Разанава рабіць, і Ліпая таксама», – кажа беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч.

Пра канцэпцыю казаць яшчэ рана, дзеліцца думкамі Зміцер Вайцюшкевіч, але магчыма, мы пачуем на запісе голас самога Алеся.

Надзея Бельская, «Белсат»