Фестываль «Наш Грунвальд» у Дудутках


Сярэднявечныя танцы, музыка, рамёствы, страляніна з лукаў. Пасля гадавога перапынку праз пандэмію найстарэйшы ў Беларусі фестываль сярэднявечнае культуры й музыкі «Наш Грунвальд» дванаццаты раз запрашае гасцей. Удзельнікаў сёлетняга фестывалю амаль удвая менш, чым звычайна.

«У гэтым годзе праз розныя, усім вядомыя абставіны крышачку менш, чым сабралася ў 2019, 2018 годзе. Цяпер на фестывалі каля 250 удзельнікаў з клубаў вайскова-гістарычнай рэканструкцыі. У параўнанні, у 2019 годзе было 480», – распавядае арганізатар фестывалю Аляксандр Рак.

Строі кожнага з удзельнікаў фестывалю мусяць адпавядаць эпосе і рэгіёну.

«Кожны прыязджае са сваёй мэтай, ад гэтага залежыць падыход да касцюму. Можна пашыць суперпрыгожы касцюм, можна пашыць касцюм прасцейшы. Або можна пашыць касцюм сярэдняй рукі гараджаніна, але ў дэталях, у падрыхтоўцы будзе глядзецца значна круцей, чым дама самага высокага статусу, якая прэтэндуе на даму самага высокага статусу», – адзначае арганізатарка рэканструктарскага блоку Алена Данько.

Пакуль рыцары рыхтуюцца да паядынкаў, госці завітваюць у сярэднявечны лагер. Тут можна пабачыць побыт ваяроў і здзівіцца таму, як выглядалі звыклыя для нас рэчы больш за 500 гадоў таму.

«У сярэднявечча шатры былі больш вялікія, высцілаліся дыванамі, вешаліся габелены, каб было цяплей. Мэбля паходная была, рознае начынне, якое мы выкарыстоўваем цяпер. Яны таксама выкарыстоўваліся», – кажа Дорыян, камендант сярэднявечнага лагеру.

Грунвальдская бітва, якой прысвечаны фестываль, адбылася 15-га ліпеня 1410 года на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Тады супольнае польска-літоўскае войска пад кіраўніцтвам караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта разбіла Тэўтонскі ордэн. Перамога над тэўтонцамі паклала канец больш як двухсотгадовым канфліктам і на шмат стагоддзяў спыніла нямецкую пагрозу для нашых земляў.

«Грунвальдскай бітва, па-першае, гэта найбуйнейшая бітва сярэднявечнай Еўропы. Гэта бітва, у якой удзельнічалі на баку войскаў саюзнікаў – амаль палова войску былі выхадцы з нашых земляў, выхадцы з Беларусі сучаснай. Гэта гучная перамога, і мы павінны памятаць пра яе». – падкрэсліў арганізатар фестывалю Аляксандр Рак.

Галоўны акорд першага дня фестывалю – рэканструкцыя аднаго з эпізодаў славутай баталіі, штурму тэўтонскага абозу. На заўтра запланаваныя турніры алебардыстаў, лучнікаў ды конны турнір.

Ігар Станкевіч, «Белсат»