Чыноўнікі запэўніваюць, што пенсійны ўзрост павышаць усё ж не будуць. Але ці варта верыць?


У Беларусі зноўку загаварылі пра павышэнне пенсійнага веку. Хаця, здавалася б, толькі-толькі – напачатку гэтага года – адбылося апошняе з запланаваных. Цікава, што адпраўляць на заслужаны адпачынак пазней прапанавала жанчына. Ну а мужчына з ураду паспяшаўся прапанову адкінуць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не-не-не, нічога падвышаць не будзем, нават гаворкі пра гэта няма! Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка адрэагаваў на прапанову дырэктаркі Бізнес-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жаны Тарасевіч давесці пенсійны век для жанчын да 63-х гадоў.

«Мы цяпер плаўна перайшлі да пенсійнага веку для мужчынаў – 63 гады, для жанчын – 58 гадоў. І мы маем адчуць, як будзе функцыянаваць нашая эканоміка, сацыяльная сфера ўва ўмовах, якія склаліся. Рэзервы для таго, каб выконваць сацыяльныя абавязальніцтвы, у тым ліку пенсійныя, дзяржава будзе знаходзіць на іншых кірунках», – заявіў Петрышэнка.

Вось толькі верыць гэткім абяцанкам чыноўнікаў, якія дагэтуль не аднойчы самавольна парушалі свае ж ранейшыя гарантыі і абяцанні, у тым ліку пенсійныя, не выпадае, заўважае старэйшы эксперт Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі. А таму, дадае эканаміст, складана ўстрымацца ад канспіралагічнай версіі пра магчымае рыхтаванне грамадства да новага падвышэння пенсійнага веку.

«У нас адбываецца крызіс пенсійнай сістэмы, і пагатоў ён большае. Пад 2050 год у Беларусі будзе ў паўтара раза болей пенсіянераў на аднаго працаўніка, чым сёння. Гэта азначае, што патрэбная рэформа. А прапановы гэтага Бізнес-саюзу вельмі адпавядаюць таму, як бачыць гэтую рэформу дзяржава, то бок нічога не рэфармаваць, а літаральна зрэзваць, падвышаючы пенсійны век», – кажа Львоўскі.

Між тым, пераход з размеркавальнай сістэмы, калі пенсіі выплачваюцца з наяўных падатковых збораў, на назапашвальную, пры якой кожны будучы пенсіянер фактычна адкладае сабе на старасць, наспеў даўно. Бо вечна павышаць пенсійны век не атрымаецца – найперш для мужчынаў, сярэдняя працягласць жыцця якіх у Беларусі складае 64 гады і якія выходзяць на пенсію ў 63 гады. Зрэшты, і нашыя жанчыны, якія жывуць у сярэднім 78 гадоў і выходзяць на пенсію ў 58, наўрад ці будуць у захапленні ад чарговага адтэрмінавання заслужанага адпачынку.

«У кожным выпадку, пенсійныя рэформы непапулярныя, таму што, на дадзены момант, для тых самых сённяшніх пенсіянераў гэта азначае пагаршэнне ўмоваў. Калі дадзеныя прапановы будуць рэалізаваныя, то пенсійны ўзрост будзе павышацца, і жанчыны пазней будуць выходзіць на пенсію», – кажа экспертка цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.

Дык што ж рабіць? Уласных грошай на паўнавартасную пенсійную рэформу (а гэта ад 12-ці да 18-ці мільярдаў долараў ЗША цягам дзесяці гадоў) у дзяржавы няма. Крэдытаў рэжыму, які ваюе як з уласнымі суграмадзянамі, гэтак і саўдзельнічае ў вайне Расеі супраць Украіны, ніхто не дасць. Ці ёсць хоць нейкі шанец у беларусаў на сапраўды годную старасць?

«Тыя, хто выходзіць на пенсію ў найбліжэйшыя 5-10 гадоў, магчыма, могуць разлічваць на цяперашні ўзровень пенсіяў, то бок нешта каля 35-40 адсоткаў ад сярэдняга заробку. Ну а калі вы збіраецеся выходзіць на пенсію праз 30 гадоў, то лепш пачынаць адкладаць цяпер, бо ў дзяржавы грошай відавочна не будзе», – кажа Львоўскі.

Ну альбо тэрмінова змяняць уладу ў краіне. Бо, як пацвердзіць кожны пенсіянер, час ляціць надта ж імкліва. Шкада марнаваць яго на безнадзейнасць і бесперспектыўнасць.

Валера Руселік, «Белсат»