У матэрыялах Tut.by шукаюць экстрэмізм


Партал «Тут бай» падаў хадайніцтва аб абскарджанні дзеянняў рэспубліканскай камісіі, якая ўгледзела ў матэрыялах выдання прыкметы экстрэмізму. Гэтак распачатае ў закрытым рэжыме першае паседжанне ў справе перанеслі на нявызначаны тэрмін.

«Суд пераносіцца на ліпень. То бок, Эканамічны суд будзе разглядаць хадайніцтва, абскарджанне. Ужо пасля гэтага рашэння хіба працягнецца суд асноўны, аб прызнанні матэрыялаў парталу і сацсетак і нават ют’юбу – экстрэмісцкімі», – кажа сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын.

Hавiны
«Справу TUT.by» прыпынілі
2021.06.24 14:06

Рэспубліканская экспертная камісія, якая рыхтавала выснову, угледзела ў дзеяннях «Тут бай» інфармацыйнае забеспячэнне пратэстаў. Знайшлі ў публікацыях выдання і прыкметы высмейвання, абразы чыноўнікаў ды ўласна самога Лукашэнкі. Аналізавалі ж кантэнт паслявыбарчага перыяду: са жніўня 2020-га да сёлетняга лютага, месяца, калі паступіў пазоў у суд.

«Ні аб якіх прычынах, апроч палітычных, казаць не выпадае. Гэта разумеюць і тыя, хто судзяць партал, і тыя, хто ў экспертнай камісіі… Гэта разумее і ўлада, напэўна. І гэта проста паводле разнарадкі ідзе дывановае бамбаванне самага галоўнага, без перабольшання, і самага чытанага медыя краіны», – кажа сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын.

Пазоўнікам у працэсе выступіла Міністэрства ўнутраных справаў. Ведамства прапанавала ўлучыць матэрыялы «Тут бай» у спіс экстрэмісцкіх і абмежаваць доступ карыстальнікам інтэрнэту да прадукцыі медыя. Што пра гэткі намер думаюць грамадзяне?

«Вядома, няправільна. Якое яно экстрэмісцкае?»

«Гэта вельмі добрае выданне, яно не палітычнае, яно нейтральнае, яно павінна існаваць».

– Трэба не абмяжоўваць навінавыя стужкі, вось гэта вось усё.

– А чаму яны гэта вось робяць?

– Чаму? Бо праўду пішуць. Цяпер яны ўсё будуць так прыдушваць.

Хваля рэпрэсіяў у дачыненні незалежных медыяў не спыняецца, а ўмовы працы незалежных журналістаў у Беларусі цяпер – адныя з найцяжэйшых за ўвесь час існавання недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, адзначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Прызнанне матэрыялаў »Тут бай« экстрэмісцкімі – не толькі праблема для самога медыя, але можа пагражаць адказнасцю і чытачам.

«За 20 гадоў артыкулы «Тут бай» перапошчвалі ўсе. Кожны, хто калісьці цягам дваццаці гадоў перапошчваў які заўгодна артыкул «Тут бай», можа быць аштрафаваны», – кажа намеснік старшыні БАЖ, юрыст Алег Агееў.

На справядлівы разгляд справы ў судзе сузаснавальнік «Тут бай» Кірыл Валошын не разлічвае. Аднак і працаваць з парушэннем заканадаўства пад брэндам медыя каманда не будзе, адзначыў ён.

«Што на гэты конт будуць рабіць журналісты, якія выехалі з краіны і не гатовыя спыняцца ў сваёй працы – незалежным асвятленні падзеяў у краіне, мне прадказаць складана. Магчыма, замест «Тут бай» будзе нешта адкрыта іншае», – мяркуе сузаснавальнік «Тут бай» Кірыл Валошын.

Ужо цяпер фактычна адбываецца кансервацыя кампаніі. Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт парталу, «Тут бай» згубіў рэкламадаўцаў, быў вымушаны звольніць частку журналістаў, некаторыя з іх выехалі за мяжу, апасаючыся пераследу. 18-га траўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДБ правёў у рэдакцыі і дома ў некаторых яе працаўнікоў ператрусы, пасля чаго распачалі крымінальную справу аб ухіленні ад выплаты падаткаў.

Юлія Лабанава, «Белсат».