Што хаваюць ад грамадскасці ў закрытым судзе над Ціханоўскім, Статкевічам, Лосікам?


У чым вінаватыя самыя папулярныя ў краіне блогеры і палітыкі – грамадскасць спадзявалася даведацца падчас суда над імі. Але ўлады зрабілі працэс закрытым. Падсудных у клетку, як надзвычай небяспечных злачынцаў, завялі ў кайданках.

Абнаўляецца
У Гомлі пачаўся суд над Ціханоўскім і Статкевічам
2021.06.24 12:24

Першага – палітыка Міколу Статкевіча: «Жыве Беларусь!»

Апазіцыйны палітык за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыяў выбараў правёў за кратамі ў суме 8 гадоў свайго жыцця. Летась ён быў аўтарам ідэі «кандыдатаў пратэсту».

Дзмітрый Папоў да затрымання быў мадэратарам сацсетак «Краіны для жыцця».

На лаве падсудных Уладзімір Цыгановіч – аўтар Ют’юб-каналу «MozgON».

І Сяргей Ціханоўскі, якога Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў кандыдатам на прэзідэнцтва. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа стаў даверанай асобаю кандыдаткі.

Нязломны Ціханоўскі нават на лаве падсудных не пабаяўся выказаць абурэнне на дзеянні канваіраў, назваўшы іх бандытамі: «Забралі чырвоную кашулю. Уяўляеце!.. Бандыты».

Артыкулы
«Духам не падае». Адвакатка Ціханоўскага распавяла пра ягоны настрой у першы дзень суду
2021.06.24 20:00

«Я хоць бы так змагла паглядзець на Сяргея. Я бачу, што ён той самы мой Сяргей: моцны, незалежны. Як ён там сябе паводзіў – мяне проста гонар ахоплівае за яго!», – дзеліцца ўражаннямі Святлана Ціханоўская.

Самы малады абвінавачваны – Арцём Сакаў, відэааператар Ют’юб-каналу «Краіна для жыцця.

Апошнім завялі ў клетку Ігара Лосіка – аўтара сеткі каналаў «Беларусь галаўнога мозгу».

Шасцёра абвінавачваных, іх затрымалі яшчэ да выбараў: у розны час і ў розных месцах.

«Цяпер нейкі сэнс цяжка ўжо шукаць. Шмат бязглуздага робіцца ў краіне».

«Быў бы чалавек, а справа знойдзецца».

«Проста хочацца справядлівасці».

«Іх, напэўна, няма за што судзіць, іх можна судзіць толькі за тое, што сказалі праўду пра стан нашай глыбінкі, у прыватнасці, Ціханоўскі і ягоны канал «Страна для жизни», бо ў гэтай краіне толькі жыццё набліжаных», – кажуць жыхары Віцебску.

Паводле версіі следства, у 2019 годзе абвінавачаныя змовіліся зладзіць «масавыя беспарадкі» у краіне. Дзеля гэтага яны стварылі блогерскую «сетку», з дапамогаю якой распальвалі варожасць, заклікалі да гвалту над сілавікамі і чыноўнікамі. Ціханоўскі ездзіў па гарадах і нібыта вербаваў людзей.

«Мы бачым, як людзей, якія ўнутры ў СІЗА, іх водзяць у кайданках, са скутымі за спінаю рукамі, і ў клетцы, а за клеткаю яшчэ стаіць шасцёра амапаўцаў. Гэта не проста страх, гэта жах. І я думаю, што гэты жах яшчэ і праз тое, што мы нарэшце дамагліся санкцыяў, да чаго заклікалі Ціханоўскі і Статкевіч яшчэ год таму», – кажа актывістка Вераніка Мішчанка.

Усіх абвінавачваных судзяць за нібыта «арганізацыю масавых беспарадкаў», Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча яшчэ і за «распальванне сацыяльнай варожасці».

Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову выставілі абвінавачанні адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

«Сяргей сказаў: «Я буду сядзець столькі, колькі дазволіць народ Беларусі». А народ Беларусі – гэта я і вы, гэта беларусы ў краіне і нашыя дыяспары. І ад кожнага з нас залежыць, як хутка нашыя героі вернуцца дадому, абдымуць блізкіх і разам будуць будаваць краіну для жыцця», – кажа Святлана Ціханоўская.

«На жаль, рэжым запалохаў народ настолькі, што цяпер патрэбныя нейкія іншыя рычагі ўплыву, і мы робім усё, каб гэтыя рычагі выкарыстоўваць», – кажа Таццяна, удзельніца віленскай акцыі салідарнасці з палітзняволенымі.

Абвінавачваным пагражаюць рэальныя тэрміны – нават да 15-ці гадоў зняволення. Акрамя таго, Генеральная пракуратура выставіла ім пазоў на 1 мільён 200 тысяч долараў.

Вольга Старасціна, «Белсат»