Як праходзіць падрыхтоўка палка Кастуся Каліноўскага? Рэпартаж


Беларусы бароняць Украіну. Здымачная група «Белсату» ўпершыню пабывала на трэнавальным палігоне палка імя Кастуся Каліноўскага. Тактычная падрыхтоўка, дамедычная экстраная дапамога, стральба ды інструктажы ў размініраванні – вось няпоўны спіс таго, чаму байцы навучаюцца штодня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер полк – пасля прысваення новага статусу – актыўна камплектуе штат і шукае новых байцоў з ліку беларусаў.

«Большая частка выехала на баявыя задачы зараз. Тыя хлопцы, якія зараз на базе знаходзяцца яны займаюцца пастаянна тактычнай падрыхтоўкай, медычнай падрыхтоўкай, тапаграфіяй. Таксама даюцца па мінна-сапёрнай справе веды. Гэта патрэбна спачатку для праходжання курсу маладога байца, а потым ужо фармаванне баявых рот і адпраўкі з вучэбнай роты ў баявую. У нас такі алгарытм працы з новымі рэкрутамі», – кажа баец палка з пазыўным Ігар.

У полк беларусы ідуць на покліч сэрца. Як правіла, гэта пасіянарныя асобы, у якіх боль за Украіну, звычайных людзей пераважыў асабістае спакойнае жыццё і дабрабыт. І абсалютна ўсе гавораць, што без свабоднай Украіны не можа быць шчаслівай будучыні і незалежнасці ў роднай Беларусі.

«Я вельмі моцна перажываў. Думаў, што я магу зрабіць, як магу спрычыніцца ці дапамагчы ў гэтай сітуацыі. Ну, гэта было асноўнае. Адное з – гэта ўсё-такі будучыня Беларусі, таму што ў мяне расце сын. І жыць яму ў нашай краіне. Я хацеў быць удзельнікам. Як мінімум. Каб пастарацца змяніць штосьці ў Беларусі», – кажа Леў, баец палка Кастуся Каліноўскага.

«Я пасля эвакуацыі з Беларусі ў 20-м годзе жыў тры месяцы тут. Я ўсе жыццё свядомае стасуюся з украінцамі ўвесь час у вельмі добрым, вельмі прыязным стане. І я не знайшоў для сябе магчымым заставацца ў бяспецы ў той самы час, калі тут папросту гінуць людзі. Дзеля гэтага патрэбна проста было першыя дні прыехаць на мяжу і паглядзець, што там адбываецца. Я спаць не мог пасля 12 гадзінаў там можа тыдзень», – распавядае Ярамір, баец палка Кастуся Каліноўскага.

Байцы палка, якія цяпер узмоцнена трэнуюцца, чакаюць адпраўкі на баявое заданне. Пры гэтым добраахвотнікі падкрэсліваюць, што ў іх няма схільнасцяў забіваць. Галоўная мэта на сёння для іх – абарона Украіны. На заўтра – яе вызваленне. А далей яны спадзяюцца вызваліць Беларусь.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»