«Яны зрабілі шоу»: як адбывалася затрыманне Рамана Пратасевіча


Святлана Ціханоўская, праваабаронцы, пасажыры таго самага рэйсу Ryanair і маці Рамана Пратасевіча распавялі пра затрыманне хлопца ў менскім аэрапорце і магчымыя наступствы гэтых падзей.

Пра абставіны затрымання Рамана Пратасевіча распавялі пасажыры рэйсу Афіны – Вільня. Яны прыляцелі ў пункт прызначэння са спазненнем на 8 з паловаю гадзінаў. Пасля прымусовай пасадкі самалёта ў Менску на борт не вярнуліся двое грамадзянаў Беларусі і чацвёра грамадзянаў Расеі.

«Яны зрабілі шоу, яны зрабілі яго, ну як: «Вы размаўляеце па-расейску?» На яго пальцам так. – «Так, я размаўляю па-расейску». – «Вазьміце свае рэчы і ідзіце за намі». Ён узяў свае рэчы і пайшоў. Тады яны яго трэслі, правяралі», – казаў адзін з пасажыраў.

Паводле пасажыраў рэйсу, перад затрыманнем Раман спрабаваў перадаць свой ноўтбук і тэлефон дзяўчыне ды папярэдзіў экіпаж, што ў Беларусі існуе пагроза ягонаму жыццю. Спадарожніцаю Рамана аказалася 23-гадовая студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Сафія Сапега. Яе таксама затрымалі, цяпер яна на Акрэсціна.

«Мая каманда супрацоўнічае з урадам Грэцыі, мы запрасілі ў ніх інфармацыю пра тое, што адбывалася ў Афінах. Бо працаўнікі авіакампаніі Ryanair кажуць, што на борце самалёта былі прадстаўнікі спецслужбаў і сам Раман перадаваў пра слежку за ім у Афінах», – пракаментавала Святлана Ціханоўская.

Раману Пратасевічу 26 гадоў. Ён браў актыўны ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту, а пасля пачаў займацца журналісцкаю дзейнасцю, у тым ліку супрацоўнічаў з «Еўрарадыё». Пасля з’ехаў у Польшчу. Шырокую вядомасць ён атрымаў у якасці рэдактара тэлеграм-каналу «NEXTA», адкуль летась перайшоў у тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу».

«Я думаю, што ён нават падумаць не мог, што пералёт на самалёце з адной краіну Еўразвязу ў другую (так абярнецца – прым.рэд.) і што такое ўвогуле магчыма. Ён быў упэўнены і спакойны. Перапісваліся мы рэгулярна – ажно да 23-га. 23-га ён ужо не выйшаў на сувязь. 22-га была апошняя перапіска», – распавяла маці Рамана Наталля Пратасевіч.

Падставаю для затрымання Рамана ў Менску сталі 3 крымінальныя справы, заведзеныя на яго і Сцяпана Пуцілу як на заснавальнікаў каналу «NEXTA». Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці. Абодвух унеслі ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Ніводзін з гэтых артыкулаў не прадугледжвае смяротнага пакарання, але прадугледжвае 15 гадоў пазбаўлення волі…

«І тое, што ён унесены ў спіс людзей, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, нічога не азначае. Але з іншага боку, у краіне прававога бязмежжа ў прынцыпе, магчыма ўсё – яму могуць навесіць кучу артыкулаў і акт тэрарызму, які прывядзе да смяротнага пакарання», – каментуе сябра абʼяднання «Прававая ініцыятыва».

Мы спыталі ў жыхароў Віцебску, як яны ставяцца да затрымання Рамана Пратасевіча:

«Вельмі непрыемная сітуацыя – паказвае ўсю жорсткасць рэжыму Лукашэнкі».

«Там замежныя грамадзяне былі, наколькі я ведаю, там і дзяўчыну яго затрымалі. Якая грамадзянка не нашай краіны – ну гэта ненармальна, вядома».

«Гэта ўсё выглядае як… Спыніць цэлы самалёт, нават не беларускай кампаніі, дзеля таго каб дастаць аднаго чалавека – гэта ўсё вельмі падобна на тэрарызм».

«Гуманізацыя ў дзеянні – раней забівалі, а цяпер саджаюць».

Увечары невядомыя паведамілі маці Рамана, нібыта ейны сын – у адным з менскіх шпіталёў у крытычным стане. Паведамляюць пра праблемы з сэрцам. Спадарыня Наталля кажа, што Раман сапраўды мае праблемы з сэрцам і праз гэта ў свой час не пайшоў у войска.

«У Беларусі ідзе вайна – рэжым ваюе супраць свайго народу. Раман трапіў у палон. Яго ў КДБ хутчэй за ўсё будуць катаваць. Адвакатаў могуць не дапускаць месяцамі і нічога з гэтым зрабіць нельга, бо права не працуе. Таму я не ведаю, чым можна чалавеку ў гэтым выпадку дапамагчы. Дапамагчы яму можна, толькі скалупнуўшы гэты рэжым», – лічыць Сяргей Усцінаў.

Ірына Карніенка, «Белсат»