Пераслед журналістаў «Белсату» працягваецца

Беларускія ўлада працягваюць пераслед журналістаў незалежных медыя.

Нашую калегу з «Белсату» Кацярыну Андрэеву, асуджаную на 2 гады пазбаўлення волі, перавялі ў гомельскую калонію. А справу журналіста-фрылансера Алеся Сіліча, затрыманага ў пятніцу, адміністратыўны суд адправіў на дапрацоўку. Нашага калегу меліся выпусціць са сталічнага ізалятару на Акрэсціна, але дагэтуль невядома, дзе ён. Сёння ж адбыліся суды над іншымі журналістамі і працаўнікамі «Белсату».

725 рублямі штрафу пакаралі гомельскіх журналістаў «Белсату» Яўгена Меркіса і Ларысу Шчыракову. Іх абвінавацілі ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі.

«Гэта чарговая спроба заткнуць нам рот. Гэта спроба запалохаць, каб увогуле сышлі з прафесіі. І канечне, гэта ў рэчышчы агульнай зачысткі беларускага інфармацыйнага поля», – упэўненая Ларыса Шчыракова.

«Безумоўна, сённяшні працэс – гэта працяг наступу на незалежную журналістыку, асабліва ў рэгіёнах, які апошнім часам узмацніўся ў нашай дзяржаве. У тым ліку разгром рэдакцыі «Тут.Бай» і разгром студыі «Белсату» у Менску», – упэўнены Яўген Меркіс.

15 содняў арышту нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам. Сёння суд Цэнтральнага раёну Менску вынес прысуд траім з шасці тэхнічных супрацоўнікаў «Белсату», якіх працаўнікі ГУБАЗІКу затрымалі ў пятніцу ў студыі праграмаў «Кожны з нас» і «Хай так». Гэта Павал Патапаў, Рыгор Пятровіч і Максім Ярашэнка.

Маці Максіма Ярашэнкі Ліяна Ярашэнка падкрэслівае: «Лічу, абсалютна неправамерна. Былі бясспрэчныя доказы таго, што чалавек, які выступіў у якасці сведкі, даваў абсалютна ілжывыя паказанні».

«Я разумею, хлопцы там нічога не рабілі супрацьпраўнага. Яны проста раскладалі сваё абсталяванне і чакалі на запіс праграмы. Вядома, чаму такі артыкул, каб мець магчымасць нашых калегаў кінуць за краты на адміністратыўны арышт», – кажа прадстаўніца «Белсату» Іріна Слаўнікава.

Неўзабаве пасля ператрусу ў студыі міліцыянты прыйшлі ў кватэру журналісткі «Белсату» Арыны Маліноўскай. Яна рабіла матэрыял пра сілавікоў. Не застаўшы ўдома, міліцыянты пачалі пачалі шукаць яе праз сваякоў і знаёмых. Цяпер журналістка за мяжою.

«Мне патэлефанаваў муж маёй сястры. Гэта быў дзіўны званок. Быў досыць дзіўная размова. Пасля чаго была невялікая трывога ў мяне. Пасля гэтага ён патэлефанаваў мне яшчэ раз і кажа, што так складваюцца абставіны, што яго затрымалі. І пакуль я не прыеду ў Беларусь, яго не адпусцяць», – распавядае Арына Маліноўская.

Верыць у тое, што сітуацыя палепшае, не выпадае. Лукашэнка зацвердзіў змены ў законы аб СМІ, масавых мерапрыемствах і аб электрасувязі.

Законы забараняюць журналістам працаваць на несанкцыянаваных акцыях, весці стрымы, публікаваць вынікі апытанняў грамадскай думкі. Улады атрымалі права блакаваць люстэркі раней заблакаваных сайтаў, пазбаўляць журналістаў акрэдытацыі, адключаць інтэрнэт і тэлебачанне. Падпісаныя законы набудуць моц праз месяц.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама