Нямірнае неба над галавой


Рэйс нямецкай авіякампаніі «Lufthansa» з Менску ў Франкфурт сёння затрымалі на некалькі гадзінаў. Менскі аэрапорт заявіў, што самалёт замініраваны, але бомбы не знайшлі.

Падобная сітуацыя была і з самалётам кампаніі «Ryanair», які напярэдадні беларускія ваенныя лётчыкі прымусілі сесці ракетамі сістэмы «паветра-паветра». Усё, каб КДБ змог затрымаць актывіста Рамана Пратасевіча.

Паведамленне пра мініраванне самалёта кампаніі «Ryanair» прыйшло ад імя салдатаў палестынскай тэрарыстычнай групоўкі «Хамас». Пра гэта заявіў дырэктар беларускага дэпартаменту авіяцыі Арцём Сікорскі.

«Мы гатовыя перадаць усю аб’ектыўную інфармацыю. І ў першую чаргу матэрыялы перамоваў дыспетчар – пілот. І таксама просім адпаведныя авіяцыйныя адміністрацыі перадаць расшыфроўкі перамоваў з борту паветранага судна, каб ацаніць нашу правату і даказаць, што нашыя дыспетчары дзеялі ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі і ніякага ціску або змушэння да пасадкі паветранага судна не было», – запэўніў Сікорскі.

Гэта быў рэйс ірландскай кампаніі «Ryanair» з Афінаў у Вільню. У выніку паведамлення пра мініраванне, якое экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў, самалёт быў вымушаны сесці ў Менску.

«У нейкі момант мы проста змянілі кірунак палёту і пайшлі ўніз і налева. Праз хвілінаў 10 нам патлумачылі, што мы збіраемся прызямліцца ў Менску з нейкіх тэхнічных прычынаў. Ніхто не казаў ніякай інфармацыі, што гэта быў нейкі тэракт, бомба ці нешта такога кшталту», – распавядае пасажыр рэйсу «Ryanair» Афіны – Вільня Мантас.

«Калі мы прызямліліся, усе вакол стаяць, ніхто нічога не рабіў. Значыць, праблемы не было. Нас з самалёта выпускалі паўгадзіны, можа болей. Чаму? Калі бомба ў самалёце, чаму нас выпускаюць паўгадзіны?» – абураецца пасажыр рэйсу «Ryanair» Афіны – Вільня Саўлюс Данаўскас.

Борт развярнуўся ў ваколіцах Ліды. Да Вільні заставалася пара хвілінаў лёту. Паводле авіякампаніі «Ryanair», інструкцыі прызямліцца ў Менску экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Пры гэтым на даручэнне Лукашэнкі пасажырскі самалёт суправаджаў узняты ў неба знішчальнік.

Эксперт у міжнародным авіяцыйным праве Андрэй Гук зазначае, што ў адпаведнасці з Чыкагскай канвенцыяй кожная краіна мае поўны суверэнітэт у сваёй паветранай прасторы. І экіпаж, які пралятае транзітам, абавязаны выконваць указанні мясцовых дыспетчараў. Тым не менш…

«Калі гаворка ідзе пра вымушаную пасадку ў сувязі з пагрозай мініравання ці нейкай іншай пагрозай на борце самалёта, то разумна і больш бяспечна пасадзіць самалёт там, дзе бліжэйшы аэрапорт. Таму ў гэтым выпадку разварочваць яго ў суправаджэнні знішчальніка, асабліва, калі капітан падпарадкоўваецца ўказанням, – гэта грубае парушэнне і падвядзенне тых, хто на борце, пад небяспеку», – падкрэслівае Андрэй Гук.

Бомбы на борце не знайшлі. Замест гэтага сілавікі затрымалі аднаго з пасажыраў – блогера і журналіста Рамана Пратасевіча, якога спецслужбы вінавацяць у кіраванні пратэстамі. У Віленскім аэрапорце яго чакала група падтрымання.

«Мы хочам сказаць Лукашэнку, што мы хочам, каб ён зноў даў нам Рамана. Бо гэта жудасная сітуацыя. Лукашэнка робіць рэчы, горшыя за Кім Чэн Іра. У Беларусі – генацыд», – гаворыць Таццяна Сівачэнка, якая прыйшла падтрымаць Рамана Пратасевіча.

А што думаюць наконт прымусовай пасадкі самалёта беларусы? Мы спыталі ў жыхароў Бабруйску:

«Пра гісторыю з самалётам не чуў. Я жыву нармальнай бабруйскім жыццём. Займаюся бягучымі пытаннямі, заробкамі».

«Як можна да гэтага ставіцца? Гэта беззаконне. Самалёт ляцеў, наколькі я ведаю, увогуле паўз нас. Пасадзіць, забраць, арыштаваць чалавека. За што?»

Інцыдэнт адмоўна паўплывае на рэпутацыю нашай краіны як надзейнага партнёра еўрапейскай бяспекі, – мяркуе нашая экспертка. Што ж тычыцца самога Лукашэнкі…

«Мне здаецца, што ў яго такі погляд на рэчы, што чым больш пра яго гавораць, чым больш баяцца, тым ён круцейшы. І страты фінансавыя краіны, і нават людскія, як мы бачылі падчас COVID-19, яго мала цікавяць», – кажа палітычная аглядальніца Валерыя Касцюгова.

Паводле экспертаў, скандал з самалётам пагоршыць і без таго цяжкія адносіны паміж Захадам і Беларуссю.

Анастасія Русецкая, «Белсат»