Міжнародная супольнасць працягвае абурацца сітуацыяй з самалётам Ryanair


Пакуль еўрапейскія палітыкі абмяркоўваюць і прызываюць да адказнасці ўлады Беларусі з-за пасадкі самалёта Ryanair у Менску, некаторыя авіякампаніі ўжо не карыстаюцца паветранай прасторай над Беларуссю, абмінаючы яе.

Над Беларуссю самалёт Рыга – Тбілісі латвійскай кампаніі «Air Baltic» ляцеў яшчэ 20-га траўня. Гэты ж рэйс адбываецца цяпер у аблёт нашай краіны. Не выкарыстоўвае паветранай прасторы Беларусі для палётаў і вугорская авіякампанія «Wizz Air», плануюць шляхі аблёту Беларусі і іншыя авіякампаніі. Самалёты ж кампаніі «Ryanair», якую змусілі да пасадкі ў Менску, яшчэ працягваюць палёты над нашаю краінаю.

«Гэта быў выпадак, фінансаваны дзяржавай. Гэта быў угон, фінансаваны дзяржавай. Гэта было пірацтва, фінансаванае дзяржавай. На жаль, я не магу сказаць пра гэта шмат, бо на гэты момант улады Еўразвязу і NATO займаюцца гэтым», – кажа генеральны дырэктар «Ryanair» Майкл О’Ліры.

Найбольш востра на інцыдэнт адрэагавалі краіны – суседкі Беларусі з Еўразвязу. Урад Літвы пастанавіў забараніць ад заўтра ўсе авіярэйсы, якія праходзяць над тэрыторыяй Беларусі, а Міністэрства замежных справаў краіны рэкамендавала сваім грамадзянам не наведваць Беларусі.

«Літва патрабуе дакладнага і бескампраміснага адказу ад міжнароднай супольнасці. Разам з міжнароднымі партнёрамі мы будзем працаваць над закрыццём паветранай прасторы Беларусі для міжнародных рэйсаў. Тое, што адбылося, – гэта напад не толькі на Літву. Гэта сігнал для ўсяго Еўрапейскага Звязу і міжнародных арганізацыяў», – заяўляе прэмʼер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце.

Уладзімір Зяленскі даручыў ураду Украіны спыніць авіясувязь з паўночнаю суседкаю. Прапанову закрыць паветраную прастору над Беларуссю выказаў міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч. Спыніць усе рэйсы з Беларусі ў Еўразвяз заклікаў і прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

«З поўнаю перакананасцю я буду прапаноўваць далёкасяжныя санкцыі супраць Беларусі, каб насамрэч скончыліся бяспраўныя, беспардонныя акцыі – у гэтым выпадку можна сказаць вельмі моцнымі словамі – дзяржаўнага тэрарызму з боку беларускай дзяржавы ў дачыненні бязвінных людзей», – кажа прэмʼер-міністр Польшчы Тадэўш Маравецкі.

У сацсетках адрэагавалі на здарэнне старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, кіраўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль, шэраг еўрачыноўнікаў і палітыкі з усяго свету.

«Мы моцна асуджаем нахабныя і шакавальныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, звязаныя з перанакіраваннем камерцыйнага палёту і арыштам журналіста. Патрабуем міжнароднага расследавання і ўзгадняем з нашымі партнёрамі наступныя крокі. Злучаныя Штаты разам з народам Беларусі», – напісаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Беларускае Міністэрства замежных справаў назвала міжнародную рэакцыю на выпадак з самалётам «наўмыснаю палітызацыяй». Расея рэакцыю Захаду на інцыдэнт з беларускім самалётам называе «шакавальнай» і з ацэнкамі не спяшаецца.

«Мы выступаем за тое, каб гэтую сітуацыя ацаніць не згарача, не прыхапкам, а на аснове ўсёй інфармацыі, якая ёсць», – кажа міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Рада Еўропы ў адмысловай заяве патрабуе вызвалення Рамана Пратасевіча, а сітуацыю і магчымыя санкцыі разглядаюць па-за чаргой на саміце кіраўнікі дзяржаваў Еўразвязу. А заўтра пытанне маюць абмеркаваць амбасадары краінаў – чальцоў NATO.

Тым часам Літва ўжо распачала расследаванне паводле артыкулаў за міжнародныя злачынствы, гвалтоўнае знікненне і захоп самалёта.

Ад прапановаў да справаў перайшлі і ў Рызе. Чырвона-зялёны сцяг там назвалі сімвалам рэжыму, што ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, і на флагштоку краінаў – удзельніц чэмпіянату свету па хакеі замянілі яго на бел-чырвона-белы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»