Паштоўкі праваабаронцам – акцыя вясноўцаў у Вільні


Падпісваць святочныя паштоўкі – занятак не толькі прыемны, але ў нашай рэчаіснасці і вельмі важны. Паштоўкі, што сёння падпісвалі беларусы ў Вільні, – віншаванні палітзняволеным праваабаронцам «Вясны» да 26-годдзя арганізацыі. Зладзілі акцыю вясноўцы супольна з фондам дапамогі беларусам у Вільні «Razam».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа.

«Вось гэта паштоўка – з радком з верша Ксюшы Сырамалот, зняволенай па справе студэнтаў, гэта яе сяброўка намалявала, а мы надрукавалі», – паказвае паштоўкі праваабаронца «Вясны» Дар’я Рублеўская.

Шукалі і лічылі затрыманых, давалі прававыя кансультацыі, былі на судах і аплачвалі штрафы, дзяжурылі ля ізалятараў на Акрэсціна. Вясноўцы актыўна дапамагалі беларусам пасля выбараў 2020-га, цяпер – цярпяць за сваю пазіцыю.

«Каб у нашыя сэрцы, у нашыя душы сапраўды прыйшла вясна», – так гледачоў «Белсату» віншаваў з новым 2021 годам старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Праз паўгода, у ліпені 21-га, яго затрымалі разам з Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам паводле так званай справы «Вясны» – за праваабарончую дзейнасць. Следства ў гэтай справе працягваецца і цяпер – да сярэдзіны траўня.

Кіраўнік Гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка і праваабаронца з Рэчыцы, валанцёрка Таццяна Ласіца, затрыманыя на пачатку 2021-га, ужо адбываюць пакаранне.

«Мяне вельмі шмат разоў затрымлівалі, і я ведаю, што такое быць за кратамі, і наколькі важная салідарнасць і дапамога людзей», – казала журналістам улетку 2020-га каардынатарка валанцёрскай службы Марфа Рабкова.

Заўтра ў Менскім гарадскім судзе пачнецца разгляд яе справы і справы валанцёра Андрэя Чапюка. Абое застаюцца за кратамі паўтара года. У Марфы Рабковай у зняволенні моцна пагоршылася здароўе.

«Нягледзячы на тое, што вельмі шмат з нас зʼехала, разам з гэтым сэрца «Вясны» застаецца ў Менску, у цэнтры Менску. Як на Росах сэрца Пілсудскага, так сэрца «Вясны» на Валадарцы. І мне падаецца, што гэта паказальны момант», – кажа Дарʼя Рублеўская.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае дзейнасць. Сёння палітвязнямі прызнаныя ў Беларусі тысяча сто сорак тры асобы. І дзякуючы намаганням вясноўцаў пра іх ведае свет.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»