Анансаваны дэкрэт – перадача ўлады ці гарантыі для атачэння?


Аляксандр Лукашэнка абвесціў анансаваную тыдзень таму лёсавызначальную пастанову – у экстранай сітуацыі ў краіне ўлада мае перайсці не да прэм’ер-міністра, як гэта прадугледжвае Канстытуцыя, а да Савету бяспекі.

«Прэзідэнта застрэлілі – на заўтра Савет бяспекі будзе надзелены паўнамоцтвамі. Ён будзе вырашаць. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна» – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Дэкрэт пра гэткі пераход улады Лукашэнка плануе падпісаць «у найбліжэйшыя дні».

Палітолаг Павел Усаў лічыць такое развіццё падзеяў адным з магчымых спосабаў транзіту ўлады ў краіне праз абмежаванне функцыяў прэзідэнта:

«Ва ўмовах палітычнага крызісу ёсць такая імавернасць, што Савету бяспекі Рэспублікі Беларусь нададуць шырокія палітычныя, фактычна – урадавыя паўнамоцтвы, і гэта станецца калектыўным вайсковым органам кіравання краінай».

Сам жа дэкрэт, на думку Паўла Усава, будзе не планам дзеянняў на выпадак экстрэмальнай сітуацыі, а хутчэй адным з элементаў будучай канстытуцыйнай рэформы, пра якую таксама неаднаразова казаў Лукашэнка. У гэтым выпадку пасля 2025 года, калі скончыцца фармальны тэрмін ягонага кіравання краінай, Лукашэнка можа заняць пасаду кіраўніка Савету бяспекі і ўтрымаць уладу.

«Фактычна ўсе тыя функцыі, якія ён выконваў на пасадзе прэзідэнта, ён будзе выконваць як кіраўнік Рады бяспекі – ад гаспадарчых да любых іншых», – адзначае Павел Усаў.

Берасцейцы ў магчымасць пераходу ўлады да сілавікоў пераважна не вераць:

«Калі вайскоўцы да ўлады прыйдуць? Я думаю да гэтага не дойдзе».

«Як гэта сілавікам можа ўлада перайсці? Гэта што – Мʼянма ці што?»

«Як будзе – ад нас нічога не залежыць».

«Ну, не хацелася б, каб улада была ў сілавікоў».

Пастанову пра перадачу ўлады Лукашэнка мог вынесці не толькі дзеля ўласнае бяспекі, але і пад уплывам атачэння, якое патрабуе гарантыяў для сябе, лічыць палітолаг Валерыя Касцюгова:

«І ў гэтым выпадку – калі будзе, як ён сказаў, – яны нейкія гарантыі атрымліваюць. Канечне, гэта не 100-адсоткавыя гарантыі, але тым не менш. І што вельмі важна ў гэтым выпадку – што і Расея атрымлівае гарантыі кантролю над момантам пераходу».

Але, на думку палітолага, як «дасведчаны дыктатар», спяшацца з падпісаннем дэкрэту Лукашэнка не будзе:

«Не факт, што, калі ўражанне, якое на яго ўчыніла раскрыццё страшнага замаху Фядуты і Зянковіча, уляжацца, ён супакоіцца, то будзе па-ранейшаму трымацца гэтага рашэння. Імаверна, ён будзе схільны яго адкладваць».

Пра замах на яго і ягоных дзяцей, рыхтаваны заходнімі спецслужбамі, Лукашэнка распавёў журналістам тыдзень таму.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»