На Дзень Волі ў Варшаве адбудзецца святочны канцэрт


Калі забараняюць святкаваць Дзень Волі ў Беларусі, то ў Варшаве вырашылі зладзіць святочны канцэрт для падтрымання вольнай Беларусі.

Гурт «NaviBаnd» выканае свае – і не толькі – гіты ў суправаджэнні сімфанічнага аркестру. Музыкі Арцём і Ксенія лічаць імпрэзу вельмі важнай.

«Само спалучэнне сімфанічнага аркестру з быццам бы рок-гуртом – гэта вельмі крутая ідэя. Заўсёды працуе такое змяшэнне энергетыкі. Таму мы адрэагавалі вельмі добра. Асабліва крута будзе гучаць песня акустычная пад гітару. Аркестр вось як раз дадае гэтую меладычнасць, гэтае хваляванне – гэта мае ўспаміны ад першых рэпетыцый. Мяне вельмі гэта натхняе», – кажуць Ксенія і Арцём з гурта «NAVIBAND».

З польскага боку будуць выступаць таксама вядомыя выканаўцы: Ігар Гэрбут, Пётр Цугоўскі, Крыстына Пронька ды іншыя. Прагучаць песні іконы польскае музыкі Чэслава Немэна, слынныя «Муры» Яцэка Качмарскага, а таксама «Грай» – гіт гурта «Ляпіс Трубяцкі».

«Гэта будзе нязвыклы канцэрт у тым значэнні, што гэта будзе жывы канцэрт пад сімфанічны аркестр польскай філармоніі. Будуць мяняцца дырыжоры – будзе Адам Штаба, а таксама дырыжорка Зузанна Фалькоўская. То бок размах гэтага канцэрту сапраўды паражае», – кажа сувядоўца канцэрту Аліна Коўшык.

Канцэрт «Граем для Беларусі» адбудзецца ў Нацыянальнай філармоніі ў Варшаве. Арганізатар і аўтар ідэі – польскі Нацыянальны цэнтр культуры.

«Галоўная ідэя – гэта праявіць сяброўскія памкненні ў стасунках паміж краінамі. Сёння гэтая салідарнасць вельмі істотная. Больш чым 40 гадоў таму ў Польшчы паўстаў рух Салідарнасці. Сёння гэтая салідарнасць з Беларуссю мае быць моцная не толькі ў Польшчы, але ў цэлым свеце» – кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтру культуры ў Варшаве прафесар Рафал Вішнеўскі.

На знак салідарнасці з беларусамі Нацыянальны цэнтр культуры прапаноўвае 25 сакавіка выставіць у вокны белыя і чырвоныя аркушы.

«Заўтра адбудзецца дзве вялікія акцыі, у тым ліку #lightforbelarus або святло для Беларусі. Падсвятляем будынкі ў бел-чырвона-белых колерах у Дзень волі ў Беларусі. Спадзяюся, што шмат установаў падключацца да акцыі» – кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтру культуры ў Варшаве прафесар Рафал Вішнеўскі.

Праз эпідэмічную сітуацыю наведнікі трапіць на канцэрт «Граем для Беларусі» не змогуць – імпрэза пройдзе выключна онлайн. Каб паглядзець урачыстасць, уключайце «Белсат» 25 сакавіка ў 22 гадзіны 15 хвілін або шукайце на Youtube-канале «Белсат Музыка».

Аліна Скрабунова, «Белсат»