Уладзімір Зяленскі расейцам: выходзьце на плошчы, звяртайцеся да прэзідэнта вашай краіны


Наступ на Украіну пачаўся з некалькіх кірункаў – з самой Расеі, з акупаванага Крыму і… з тэрыторыі Беларусі. Пра пачатак спецыяльнай ваеннай аперацыі на Данбасе нібы з мэтай «денацификации и демилитаризации» Украіны а пятай раніцы паводле ўкраінскага часу абвесціў Пуцін.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Расея не можа пачувацца ў бяспецы, развівацца, існаваць з пастаяннай пагрозай, якая зыходзіць з тэрыторыі сучаснай Украіны. Нам з вамі не пакінулі ніводнай іншай магчымасці абараніць Расею, нашых людзей, апроч той, якую мы вымушаныя будзем выкарыстаць сёння», – заявіў Пуцін.

Але яшчэ да заявы Пуціна пра стрэлы і выбухі паведамлялі з розных рэгіёнаў Украіны. Марыупаль абстралялі з «Градаў».

Паведамлялася пра выбухі ў раёне міжнароднага аэрапорту «Барыспаль» пад Кіевам, у Харкаве і Адэсе. Выбухі былі і на захадзе Украіны – у Івана-Франкоўску, за дзве сотні кіламетраў ад мяжы паміж Украінай і Польшчай.

«Пуцін раніцай, а чацвертай раніцы, пачаў фактычна вайну супраць Украіны, паколькі запусціў крылатыя ракеты практычна па ўсіх аэрадромах ва Украіне. Каля нас на вайсковую частку і іншыя былі скінутыя крылатыя ракеты. Гэта адкрытая вайна. Яна не мае нічога агульнага з абаронай “русскоязычного населенія” ці іншага», – лічыць кіраўнік арганізацыі «Захист українського народу» Багдан Цымэйка.

Шматлікія фота і відэа з месцаў абстрэлаў, дзе відаць, што абстралялі не толькі васковыя аб’екты, але і пацярпела цывільнае насельніцтва, Міністэрства абароны Расеі назвала пастановачнымі.

«Іх мэта – абвінавачанне Расеі ў нібыта непераборлівасці і непрапарцыйнасці ўдараў для запалохвання мірнага насельніцтва і трансляцыі на заходніх тэлеканалах. Асабліва хачу падкрэсліць: узброеныя сілы Расеі не наносяць удараў па гарадах Украіны. Мірнаму насельніцтву нічога не пагражае», – заявіў прадстаўнік міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў.

Медыі ж паведамляюць пра параненых мірных жыхароў у розных мясцовасцях, сярод пацярпелых ёсць і дзеці.

«Паводле стану на 13-ю гадзіну 24 лютага ўзброеныя сілы дзяржавы-агрэсара Расейскай Федэрацыі нанеслі больш за 30 удараў крылатымі ракетамі “Калібр”, рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, авіяцыяй ды артылерыяй па абʼектах цывільнай і вайсковай інфраструктуры Украіны», – кажа прадстаўнік упраўлення сувязяў з грамадскасцю СБУ Юзэф Вэнсковіч.

Памежная служба Украіны заявіла, што расейскія войскі прарвалі мяжу і ўвайшлі на тэрыторыю Кіеўскай вобласці. Ва ўсёй Украіне абвесцілі ваеннае становішча. Неба над Украінай закрылі для авіяпералётаў.Чэргі з аўтамабіляў зʼявіліся на выездах з гарадоў, у тым ліку з Кіева.

«Расейская Федэрацыя не спыніцца, ні пра якія братэрскія народы гаворкі няма, гэта ўдар у спіну, якога мы чакалі, бо да гэтага ўсё ішло».

«Па дзяцей едзем – дзяцей трэба вывезці. С*ка, падлюка, каб ён ус*ся, гэты Пуцін».

«Настрой патрыятычны, адвязу дзяцей, і мы ўсё адно пераможам, Украіна пераможа ў кожным выпадку», – кажуць людзі ў чарзе на выезд з Кіева.

Але чэргі – не толькі на выезд з гораду, не толькі ў банкаматы, запраўкі, аптэкі ды крамы, дзе людзі набываюць пітную ваду, харчы і лекі. Чэргі ўтварыліся і ў пункты здавання крыві, чаго не было з 2014-га года.

Уладзімір Зяленскі тройчы сёння звяртаўся да грамадзянаў Украіны. Ён адзначыў: найбольш складаная цяпер сітуацыя – на поўдні Херсонскай вобласці. Зяленскі заклікаў вярнуцца на шлях да міру, але паведаміў і пра афіцыйны разрыў дыпламатычных стасункаў з Расеяй.

«Калі вы нас чуеце, калі вы нас разумееце. Калі вы разумееце, што вы наступаеце на незалежную краіну – калі ласка, выходзьце на плошчы, звяртайцеся да прэзідэнта вашай краіны. Мы ўкраінцы, мы на сваёй зямлі, вы расейцы – цяпер вашыя вайскоўцы распачалі вайну, вайну ў нашай дзяржаве», – звярнуўся да расейцаў Уладзімір Зяленскі.

Пад Чарнігавам у палон здаўся ўзвод выведкі расейскай мотастралковай брыгады, паведаміў галоўнакамандуючы ўзброеных сілаў Украіны. Расея, паводле Цэнтру абарончых стратэгіяў Украіны, страціла дзясяткі адзінак тэхнікі і каля ста чалавек асабовага складу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»