«Акт, які змяняе геапалітыку на кантыненце»

Чакалі, што Пуцін (дзеля дасягнення сваіх геапалітычных мэтаў) будзе надалей весці дыпламатычныя гульні з краінамі Захаду. Але гульні скончаныя. Праект «Паўночная плынь-2» замарожаны. Наперадзе – пакетныя санкцыі. Такія наступствы для Расеі, кіраўнік якой вырашыў перагледзець гісторыю. Краіны НАТО запусцілі абаронны план. Мы падсумавалі, як на аперацыю Уладзіміра Пуціна адрэагавалі ў свеце.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Будзь Украіна чальцом НАТО, да сённяшняе расейскай атакі на яе тэрыторыі магло не дайсці. Гэты акт – сур’ёзны момант для Еўрапейскай бяспекі агулам – заявіў кіраўнік Паўночна-атлантычнага Альянсу. У стане павышанай гатовасці НАТО трымае 100 самалётаў, 120 саюзніцкіх караблёў на вадзе ад крайняй поўначы да Міжземнага мора.

«У адказ на масіраванае нарошчванне вайсковай сілы Расеяй маем усе сілы для нашай калектыўнай абароны на сушы, на моры і ў паветры. У апошнія тыдні саюзнікі з Паўночнай Амерыкі і Еўропы перакінулі тысячы ці нават больш вайскоўцаў ва ўсходнюю частку альянсу і размясцілі яшчэ больш у рэжыме чакання. Мы будзем працягваць рабіць усё неабходнае ў супрацьстаянні агрэсіі», – заявіў Енс Стольтэнбэрг.

Заўтра адбудзецца Онлайн-саміт лідараў альянсу ў краінах-чальцах. Дзе будзе ўзгоднены далейшы план дзеянняў. Што робіцца ўжо… ЗША і іншыя саюзнікі пастаўляюць ва Украіну зброю, каб ураўнаважыць, наколькі магчыма, ейныя сілы з сіламі агрэсара. Арсенал на суму $ 650 мільёнаў долараў ужо дастаўлены.

Вывесці расейскія войскі з Украіны – заклікала Маскву Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн асудзіў «не справакаваны і неапраўданы напад расейскіх узброеных сілаў», і заклікаў сусветных лідараў выступіць супраць «абуральнай агрэсіі Пуціна» Рашэнні паўсталі на саміце Вялікай сямёркі.

«Мы ўвядзем санкцыі, якія будуць душыць эканамічны рост Расеі, павялічваць ейныя запазычанні, павышаць інфляцыю, узмацняць адток капіталу і паступова разбураць яе прамысловую аснову. Мы плануем адрэзаць расейскую прамысловасць ад тэхналогіяў, якія сёння неабходныя для будавання будучыні», – заявіла старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Федэральны канцлер Аўстрыі канкрэтызаваў – не ўдасца абысці санкцыяў і найбуйнейшаму праекту апошняга дзесяцігоддзя, хоць пацярпяць і еўрапейскія інтарэсы.

«Еўрапейскі саюз у цеснай каардынацыі з Германіяй замарозіў праект “Паўночная плынь-2”. І гэта толькі адная са шматлікіх захадаў, якія мы прымем, каб даць зразумець Расейскай Федэрацыі, што ў Еўропе больш не будзе разумення. Мы абавязаныя гэтым нашай гісторыі і нашым дзецям», – падкрэсліў Карл Нэгамэр.

Прэзідэнт Францыі дадаў, што напад Расеі пакіне глыбокія наступствы ў жыцці еўрапейцаў і зменіць геапалітыку нашага кантыненту. Пасля анексіі Крыму Расея паступова пераарыентоўвалася на азіяцкія рынкі і супрацу з Кітаем. Але і там не знайшлося палітыкаў або дыпламатаў, якія б сёння ўхвалялі вайсковае ўварванне ва Украіну.

«Кітай Уважліва сочыць за апошняй сітуацыяй ва Украіне і заклікае ўсе бакі захоўваць стрыманасць», – словы афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Кітаю Хуа Чунь Ін.

Украіна сёння склікала Турцыю закрыць Басфор і Дарданелы для расейскіх караблёў… пасля заявы прэзідэнта Таіпа Эдагана, які асудзіў Расею:

«Гэты крок, на наш погляд, супярэчыць міжнароднаму праву, зʼяўляецца цяжкім ударам па рэгіянальным міры, гармоніі і стабільнасці. Я выказаў гэта Прэзідэнту Украіны Зяленскаму ў нядаўняй размове пра тое, што Турцыя падтрымлівае барацьбу Украіны за сваю тэрытарыяльную цэласнасць».

Пабочным эфектам узброенай аперацыі – не толькі гібель людзей і нішчанне інфраструктуры ва Украіне. Гэта плынь уцекачоў, якія ратуюць сваё жыццё. Сярод краінаў, якія адкрыліся для ўцекачоў з Украіны – Польшча і Літва. Сустрэць абяцаюць з сацыяльным пакетам.

«Мы дамо жыллё ўкраінцам, якія захочуць прыехаць у Літву, якім такая дапамога можа быць патрэбна. Гэтак жа і па працаўладкаванні», – сказаў у размове з «Белсатам» віцэ-міністр МУС Літвы Віталь Дзмітрыеў.

Сёння ж Чэхія і Латвія заявілі, што спыняюць выдачу візаў грамадзянам Расеі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама