Суды за нанясенне шкоды сілавікам не спыняюцца

Гэтак пасля затрымання сілавікамі 12 жніўня выглядае 45-гадовы Аляксандр Троцкі. Мужчына адмовіўся выйсці з аўтамабіля, бо сілавікі не прадставіліся і былі апранутыя ў чорнае. Пасля таго, як яго пачалі сілай даставаць з машыны, Троцкі паспрабаваў з’ехаць і зачапіў аднаго з даішнікаў. Маёр Юраў атрымаў траўмы, якія не пацягнулі кароткачасовага разладу здароўя. Троцкі пасля затрымання правёў у шпіталі тры тыдні.

Сёння пачаўся суд, Аляксандра Троцкага абвінавачюць у замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў.

«Я таксама б з’ехала, бо ў той час, калі ішлі такія відэа, калі людзей даставалі ды збівалі, – гэта вельмі страшна, а ўлічваючы, што дарога пустая, чаму яны прычапіліся менавіта да яго?» – пытаецца Ірына Троцкая, жонка Аляксандра.

«Ад самага пачатку гэтай справы – суцэльны нейкі ціск. Прыпісалі фірму да татавага наезду, блакавалі рахункі на нашай фірме. Нават татава ліставанне яны глядзелі, усе скрыншоты, зачытвалі, каб усе слухалі. З аднаго боку, там няма нічога такога, што можна прыкласці да справы, але нагнятанне ствараецца», – кажа сын Даніл.

Пацярпелы працаўнік ДАІ Юраў на паседжанне не зʼявіўся. Вядома, што Аляксандр Троцкі пісаў заявы на завядзенне крымінальнай справы з нагоды свайго збівання, але следчыя не знайшлі падставаў, каб распачаць справу.

«Калі толькі ў гэтай дзяржаве будзе дзейнічаць закон, які прывядзе да таго, што тыя, хто ўжываў гвалт, катаванні, будуць пакараныя праз суды, пазовы… Гэта разваліць сілавы блок», – лічыць юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла.

Сёння пачалі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні 26-гадовага Рыгора Давыдава, які 10 жніўня нявызначанымі прадметамі нібыта кідаўся ў міліцэйскі транспарт. У відэаматэрыялах справы нельга разгледзець твару, пры гэтым дзяржаўная абвінаваўца Аліна Касьянчык патрабуе для мужчыны 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Спадарыня Касьянчык у мінулы чацвер дамаглася 2 гадоў калоніі для нашых калегаў Дарʼі Чульцовай і Кацярыны Андрэевай.

«У Беларусі вельмі даўно, яшчэ да жніўня 2020 года, і праваабаронцы, і тыя, хто назіраў за сітуацыяй, казалі, што закон у Беларусі не дзейнічае, Канстытуцыя ў Беларусі не дзейнічае. Тая сістэма ўлады, якую выпеставаў Лукашэнка, ёй не патрэбны закон», – мяркуе юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла.

Працягваецца і гэтак званая справа «нуль праміле» Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна. Іх абвінавачваюць у раскрыцці медычнай таямніцы аб тым, што забіты невядомымі Раман Бандарэнка не быў пʼяны. Паводле адвакатаў, гэта гучны працэс могуць разгледзець да канца тыдня.

Алена Дубовік, «Белсат»

Глядзі таксама