Ці чакаць акупацыі Беларусі Расеяй? Лукашэнка адмаўляе небяспеку расейска-беларускіх вучэнняў


Лукашэнка не заўважыў акупацыі Беларусі. Пра гэта ён заявіў, калі зацвярджаў рашэнне аб ахове дзяржаўнай мяжы. Акупацыю ў пазапланавых расейска-беларускіх вучэннях разгледзеў палітык Зянон Пазняк. На сёлетнія вучэнні Масква перакідвае ў Беларусь беспрэцэдэнтную колькасць вайскоўцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я са здзіўленнем прачытаў, што ў нас адбылася акупацыя Беларусі. Я як галоўнакамандуючы не заўважыў», – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка.

Раней пра акупацыю заявіў Зянон Пазняк – палітык, лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. На ягоную думку, захоп ажыццяўляецца пад выглядам беларуска-расейскіх вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022», якія стартуюць 10 лютага. Паводле ацэнак Пазняка, Масква дзвюма сотнямі цягнікоў перакідвае ў Беларусь ад 80 да 100 тысяч вайскоўцаў.

«Перакінута вялікая колькасць тэхнікі і вялікая колькасць войскаў. Больш за 13 тысяч з абодвух бакоў не павінна быць. А там ужо некалькі дзясяткаў тысяч, прычым перавозяць з Далёкага Усходу», – адзначыў Зянон Пазняк.

Дык пра якую колькасць і які склад расейскіх войскаў ідзе гаворка? Палітолаг Павел Усаў упэўнены, што Лукашэнка не ведае гэтых звестак:

«Калі б прагучала лічба тая, якую агучыў Пазняк, нават меншая, хаця б 50 тысяч, то гэта быў бы паказнік таго, што гэта не проста вучэнні, гэта нарошчванне ваеннага патэнцыялу».

Вучэнні праводзяцца на фоне абвастрэння расейска-ўкраінскага канфлікту. Адна з пляцовак, дзе будуць праходзіць вучэнні, – аэрадром у Лунінцы за 50 кіламетраў ад украінскай мяжы.

«Тут гэта не звязана ні з якой акупацыяй. Мы проста жадаем абараніць нашую паўднёвую мяжу», – падкрэсліў Лукашэнка.

Тым часам дэпутаты Кангрэсу ЗША, Еўрапарламенту і шэрагу еўрапейскіх краінаў у сваім звароце адзначылі, што расейскія войскі не толькі пагражаюць Украіне, Польшчы і Літве, але «могуць быць часткаю канчатковага плану акупацыі Беларусі». Калі расейска-ўкраінскі канфлікт выльецца ва ўзброенае сутыкненне, Менск не здолее захаваць нейтралітэт і незалежнасць, перакананы Павел Усаў:

«Расейскія войскі застаюцца ў Беларусі на стацыянарнай аснове».

Масква зацікаўленая ў захаванні ваеннай прысутнасці на беларускай тэрыторыі, каб кантраляваць унутрыпалітычную сітуацыю ў краіне, адзначае расейскі эксперт у знешняй і абароннай палітыцы Расеі:

«Асабліва ў кантэксце канстытуцыйнай рэформы. У канцы лютага павінен адбыцца рэферэндум, а пры гэтым мы не можам быць упэўненыя, што рэферэндум пройдзе, Лукашэнка можа нешта перагуляць».

На момант стварэння гэтага матэрыялу, паводле апытання на нашым ют’юб-канале, з 15 тысяч чалавек больш за палову ўпэўненыя: увядзенне расейскіх войскаў пагражае незалежнасці Беларусі.

Антон Каменскі, «Белсат»