Свет рыхтуецца да вайны


Сітуацыя вакол Украіны робіцца ўсё больш напружанаю. Пакуль нашыя паўднёвыя суседзі рыхтуюцца да магчымага расейскага ўварвання, да іхных межаў сцягвае свае сілы ўжо не толькі Расея, але і Захад.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дэпартамент ЗША заклікаў амерыканцаў адмовіцца ад падарожжаў ва Украіну, бо ўзмацнілася пагроза расейскай ваеннай агрэсіі. Таксама Вашынгтон даў дазвол на выезд з краіны сваіх дыпламатаў, а іхныя сем’і і наагул абавязаў пакінуць Украіну. Пра намер эвакуяваць сваіх дыпламатаў заявіла і Вялікая Брытанія.

«Шануючы права іншых дзяржаваў на гарантаванне бяспекі дыпламатычных місіяў, лічым такі крок амерыканскага боку заўчасным і праяваю празмернай перасцярогі. Фактычна кардынальных зменаў апошнім часам не адбылося. Пагроза новых хваляў расейскай агрэсіі застаецца сталаю з 2014 года. А канцэнтрацыя расейскіх войскаў каля дзяржаўнае мяжы пачалася яшчэ ў красавіку летась», – заявіў прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікаленка.

А вось Еўразвяз адклікаць сваіх дыпламатаў з Украіны не збіраецца. Паводле кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ЕЗ Жузэпа Бурэля, аб’яднаная Еўропа рыхтуе фінансавы бізун для Крамля на выпадак нападу апошняга на Украіну.

«Мы хочам дзеяць у моцнай каардынацыі з нашымі хаўруснікамі, у прыватнасці з ЗША, а таксама з Канадай і Вялікай Брытаніяй. Мы працуем над магутным пакетам санкцыяў. Сёння нічога не будзе зацверджана, таму што працэс яшчэ трывае. Але будзьце ўпэўненыя, што ўсё будзе гатова, калі спатрэбіцца. Аніякіх канкрэтных захадаў агучваць мы не будзем», – адзначыў спадар Бурэль.

Затое ёсць канкрэтыка ў фінансавай дапамозе нашым паўднёвым суседзям. Паводле старшыні Еўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен, грошы ад Еўразвязу маюць змякчыць наступствы канфлікту з Расеяй для ўкраінскай эканомікі.

«Сёння я анансую новы пакет фінансавай дапамогі Украіне, які складаецца як з экстранных крэдытаў, гэтак і з грантаў. Найперш мы прапаноўваем новы пакет экстраннай макрафінансавай дапамогі памерам 1,2 мільярда еўраў», – заявіла старшыня Еўрапейскай камісіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні Steadfast Defender 2021.
Фота: NATO North Atlantic Treaty Organization / Flickr

Зрэшты, дапамога ад Захаду будзе не толькі фінансавая. Краіны – чальцы НАТО прыводзяць свае войскі ў гатовасць і рэжым чакання, а таксама адпраўляюць да ўсходніх межаў блоку дадатковыя караблі і знішчальнікі. Пра магчымасць павялічыць сваю прысутнасць у рэгіёне заявілі і Злучаныя Штаты. Напярэдадні ва Украіну прыбыла першая частка амерыканскай вайсковай дапамогі – амаль 90 тонаў лятальнай зброі. Дапамагчы зброяй збіраюцца і Канада, Літва, Латвія ды Эстонія. У Крамлі ж, які сцягнуў да межаў з Украінаю больш за 100 тысяч жаўнераў і безліч баявой тэхнікі, дзеянні Захаду назвалі істэрыкай ды абвінавацілі ЗША і НАТО ў эскалацыі канфлікту.

«Кожная асобна ўзятая адзінка зброі, ці то абарончая, ці то наступальная, лішні раз натхняе гарачыя галовы ў Кіеве на пачатак гэтай аперацыі. Нас гэта не можа не турбаваць, мы гаворым пра гэта даўно. І мы ў гэтым выпадку, вядома ж, хацелі б, каб у сваіх шматлікіх заявах краіны НАТО штораз заклікалі Кіеў нават не думаць пра сілавое ўрэгуляванне ва Украіне», – заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Занепакоенасць з сітуацыі вакол Украіны выказаў і Ватыкан. Папа Францішак абвесціў адмысловы Дзень малітвы за мір ужо ў гэтую сераду, 26 студзеня.

Валера Руселік, «Белсат»