Праект Канстытуцыі будуць узгадняць з Крамлём?


Праект новай Канстытуцыі ўлады прадставяць для народнага абмеркавання на наступным тыдні. Аб гэтым завадатар заявіў падчас сённяшняга паседжання камісіі і працоўнай групы ў пытаннях зменаў у Асноўны закон. Ці будзе ў беларусаў час і магчымасці, каб абмеркаваць праект новай Канстытуцыі і ўнесці свае прапановы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзень-два на выпраўленне памылак і расстаноўку косак – і на наступным тыдні ўлады, нарэшце, пакажуць праект новай Канстытуцыі.

«Надо понимать это же не окончательный проект. Он окончательный, когда обсудим предложения народа по проекту», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Абмеркаванне з народам пачнецца адразу пасля публікацыі тэксту і прыпадзе на чараду святаў.

«Рэжым хоча атрымаць найменшую ўвагу да зместу гэтага праекту. З каментароў вынікае, што імаверна там будуць пераходныя палажэнні, якія нават здушанае рэпрэсіямі беларускае грамадства могуць вельмі моцна ўсхваляваць», – лічыць прадстаўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Праект Канстытуцыі можа ўзгадняцца з Крамлём, таму Менск марудзіць з публікацыяй, мяркуе палітолаг Андрэй Елісееў. Учора Дзмітрый Пяскоў заявіў аб магчымай сустрэчы на наступным тыдні Лукашэнкі з Пуціным.

«Я не выключаю, што Крэмль разлічвае, каб у новай Канстытуцыі было наўпрост адлюстравана: альбо саюзная дзяржава, альбо асаблівы статус беларуска-расейскіх дачыненняў. Верагодна, з гэтым звязаная замінка», – мяркуе Андрэй Елісееў.

Рэферэндум улады плануюць правесці ў другой палове лютага. Апошняя нядзеля месяца прыпадае на 27-га лютага. За месяц да гэтага, то бок не пазней за 27-га студзеня, яны маюць сфармаваць камісіі для правядзення рэферэндуму. Не пазней за гэты дзень Лукашэнка мае падпісаць указ аб рэферэндуме, які зацвердзіць дату, пытанні і тэкст Канстытуцыі. Яшчэ некалькі дзён спатрэбіцца, каб канстытуцыйная камісія ўхваліла канчатковы варыянт Асноўнага закону. Гэты перыяд цалкам выпадае з абмеркавання. Калі адкінуць святочныя тыдні, на вывучэнне праекту і фармуляванне прапановаў у беларусаў застанецца два тыдні або менш.

«Перакрэслі беззаконне, перакрэслі рэферэндум». Пад такім слоганам дэмакратычныя сілы Беларусі распачалі кампанію. Яны заклікаюць беларусаў, якія выступаюць за перамены, абавязкова ісці на галасаванне.

«Яны павінны неяк абазначыць уласную пазіцыю і прадэманстраваць яе рэжыму. Таму мы кажам адзначыць абодва варыянты крыжыкамі і сказаць «не» абодвум варыянтам прапанаваным Лукашэнкам Канстытуцыі», – тлумачыць Арцём Праскаловіч.

У закліку – пазначыць на платформе «Голас» свае планы аб удзеле ў рэферэндуме. Аўтары кампаніі нагадваюць, што нават калі грамадзяне не прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, у выбарчых камісіях, узгодненых чыноўнікамі Лукашэнкі, усё адно палічаць бюлетэні так, як ім выгадна.

Антон Каменскі, «Белсат»