Беларускі калій штурхае сусветныя цэны


Кошты на ўгнаенні ў канцы года паказваюць максімальны за 10-13 гадоў узровень… Але хутчэй за фосфар і азот расце цана на калій – адзін са стратэгічных экспартных прадуктаў беларускага палітычнага рэжыму. Эксперты-міжнароднікі адзначаюць, што каля 10 адсоткаў росту цаны на калій – наступствы ўвядзення санкцыяў супраць «Беларуськалію» і «Беларускай калійнай кампаніі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Што такое калій… Угнаенне, якое дае жыццёвую сілу сельскагаспадарчым культурам. У спалучэнні з фосфарам і азотам калій зробіць любую расліну мацнейшай. То бок замест жмені пшаніцы фермер збярэ дзве. Сабраць тры – дапаможа навука.

Намеснік дырэктара Тан Цзіньхуа кажа:

«У нас ужо больш за 10 гадоў добрыя ўраджаі збожжа. Адная з прычын заключаецца ў тым, што мы здзейснілі навуковыя прарывы ў распрацоўцы новых відаў пшаніцы для павелічэння вытворчасці».

У Кітаі – не, але ў Беларусі і агулам у свеце пшаніца сёлета не ўрадзіла. Гэта моцна штурхнула ўгару сусветныя цэны на харчы. За імі – пацягнуліся і цэны на ўгнаенні, і асабліва – на калійныя. $ 650 за тону – 13-гадовы максімум. Пасля ўвядзення санкцыяў супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі – цэны вырастуць нават да $ 800 у наступным годзе, дапускаюць аналітыкі. Ня ведаючы, ці будуць налета пастаўкі з Беларусі, краіны-пакупнікі ўгнаенняў «шукаюць часовых рашэнняў». Кітай, які дагэтуль імпартаваў з Беларусі 20 % усіх калійных угнаенняў, пачаў выкарыстоўваць запасы з партоў.

Гамфры Найт, аналітык у сферы калію, кажа:

«Пастаўкі калію ў выніку ідуць у няпоўным аб’ёме. Імпарт па-ранейшаму абмежаваны, а запасы ў партах скарачаюцца».

Беларуская калійная кампанія штогод экспартуе ад 7-мі да 12 мільёнаў тон калію. Праз блізкія балтыйскія парты ў Літве і Латвіі прадукцыя пастаўляецца па ўсім свеце. Санкцыі стварылі БКК лагістычныя праблемы. У Літоўскую Клайпеду вагоны беларускага калію пакуль ідуць – ня гледзячы на палітычныя заявы і адстаўкі. Рынак чакае, што будзе далей.

Эканаміст Леў Марголін зазначае:

«Пытанне, ці зменшыць пастаўкі Беларусь? Бо мы ведаем, што знаходзяцца ўсё ж такі нейкія шляхі. Яны могуць самыя простыя – праз Літву ісці Латвію, ці трошкі больш складаныя, калі спатрэбіцца дапамога Расеі».

Расея не мае магутнасцяў на перавалку ўсяго «беларускага» абʼёму ўгнаенняў, таму што экспартуе таксама сваю прадукцыю – з Уралкалію. Тым не менш, можа прыняць частку экспарту БКК. Пакуль Беларусь шукае шляхоў абыходу і шляхоў дастаўкі, абуджаюцца канкурэнты. Акцыі Канадскай калійнай кампаніі Nutrien на мінулым тыдні выраслі на 6,6% пасля яе заявы пра нарошчванне экспартных абʼёмаў. Ёсць і іншыя гульцы… Калі сусветнаму рынку не ўдасца запоўніць 20-адсоткавы беларускі абʼём, Леў Марголін не выключае:

«Будзе дадзеная, скажам так, каманда (можа не яўная каманда) вось гэтым Балтыйскім краінам, што паколькі наўпрост ніякай забароны на транспартаванне няма, то можаце зрабіць выгляд, што яно так і павінна быць і працягваць гэтае транспартаванне».

Такая сітуацыя дэвальвавала б санкцыйныя чаканні. У каментарах сусветных аналітыкаў на паверхні клопат пра харчовую бяспеку і ані слова – пра некалькі тысячаў зняволеных за палітычны густ беларусаў – дзеля вольнасці якіх гэтыя санкцыі ўводзіліся.

Юлія Цяльпук, «Белсат»