Ці пагражае Беларусі дэфіцыт тавараў?

Яшчэ не дэфіцыт, але прывычнай раскошы ўжо няма. Гэтак адказалі гледачы «Белсату» на пытанне, ці заўважна змяніўся асартымент у крамах Беларусі. Людзі сведчаць: неабходны мінімум харчовых прадуктаў збольшага захоўваецца, а вось з касметыкаю, сродкамі гігіены і побытавай хіміі праблема больш відавочная.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі чыноўнікі нам сцвярджаюць, што ў нас не будзе дэфіцыту, – яны кажуць аб тым, што паліцы крамаў не будуць пустыя. Але яны не маюць на ўвазе, што ў нас будзе шырокі асартымент тавару», – адзначыла эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Яна нагадала: ні вытворца, ні гандляр не будуць працаваць на страту ці нават на абмежаваны прыбытак. Гэта закон эканомікі, непадуладны ніякім указам і дырэктывам. «Нявыгадны» тавар паступова знікне з продажу. Гэта пацвярджаюць і нашыя гледачы. Вось якія водгукі мы атрымалі:

«Так, выбар стаў меншы. Асартымент парашкоў паменшыўся ў разы. Знікае зубная паста, пракладкі».

«Звыклых украінскіх тавараў няма зусім – зніклі з прылаўкаў сода пітная, кетчуп, кансервацыя і свежыя таматы, морква, буракі, часнык, цыбуля ды іншае. Прадукцыі “Roshen” няма зусім. Печыва прадаюць або расейскае або беларускае. Але мы любілі ўкраінскае – яно і смачнейшае было, і таннейшае».

У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка асабіста абяцаў: дэфіцыту не будзе, усё пад кантролем. Але Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прызнае, што пэўныя цяжкасці ўсё ж ёсць. І ў нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі паведамілі, што зараз ёсць невялікі перабой з імпартнымі таварамі за кошт пераходу на пераацэнку і паступленне новага тавару. Аднак і з таварамі айчыннай вытворчасці сітуацыя не такая аптымістычная. Пра гэта, зноў жа, сведчаць водгукі і фотафакты ад гледачоў «Белсату»:

«Менск. У “Mіле” і “Востраве чысціні” паўпустыя паліцы, ужо перастала туды заходзіць. Бытавую хімію часцей купляем на рынку».

«Цяжка стала купіць індычку. Мой любімы сыр пармезан знік, беларускай вытворчасці».

«Зніклі мужчынскія дэзадаранты-стыкеры Rexona і Old Spice, засталіся адныя пшыкалкі».

19 кастрычніка ўрад Беларусі прыняў пастанову №713 аб рэгуляванні коштаў. У ёй пералічаны 370 відаў тавараў: ад харчавання і адзення да аўтамабіляў і рознага рыштунку. Імаверна, гэта і ёсць прычынаю збяднення асартыменту. Спажыўцы скардзяцца на скарачэнне аб’ёмаў продажу некаторых відаў мяса, вяршкоў, тварагу, курыных яек і шмат чаго іншага.

Размова зараз, вядома ж, не ідзе пра пустыя паліцы. Але ўсё часцей здараецца так, што ўлюбёнага прадукту ўжо няма на звычайным месцы ў найбліжэйшай краме – яго даводзіцца шукаць. Або браць, напрыклад, беларускую вяндліну замест італьянскай. Сітуацыя залежыць яшчэ і ад рэгіёну. Паводле апытаных гледачоў, у Менску няма асаблівых праблемаў з кормам для хатніх гадаванцаў, а на Магілёўшчыне такога тавару бракуе. Падобных прыкладаў нямала. І колькі будзе доўжыцца такая сітуацыя – невядома.

«Беларускія вытворцы цяпер не будуць запаўняць паліцы крамаў якасным добрым таварам па прымальнай цане. Беларускі вытворца сыдзе туды, дзе яму выгадна прадаваць сваю прадукцыю, – спрагназавала эканамістка Аліса Рыжычэнкава. – А да нас прыйдзе танны расейскі або кітайскі аналаг, але горшай якасці».

Нашыя матулі і бабулі, якім давялося перажыць эпоху савецкага дэфіцыту і пустыя крамы падчас «перабудовы», маюць не адзін дзясятак лайфхакаў на ўсе выпадкі жыцця. Вядома ж, можна скарыстацца іхным досведам. Але так не хочацца вяртацца да смятаны замест крэму для твару і да вады з цукрам, каб прычоска трымалася.

Марына Яновіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама