Расея працягвае ракетны тэрор


Расейскія войскі па-ранейшаму абстрэльваюць ракетамі Украіну. Пацярпелі Харкаўская, Херсонская, Данецкая і Запарожская вобласці. За мінулыя содні агулам у гэтых рэгіёнах загінула 7, а паранена больш за 20 асобаў. Сярод загінулых – немаўля, якое толькі што нарадзілася. Сёння ракетны тэрор працягваецца: паветраная трывога амаль па ўсёй Украіне. Адбываюцца масавыя адключэнні святла.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Горад Вільнянск, Запарожская вобласць. У ноч на 23-га лістапада сюды прыляцелі дзве ракеты С-300. Адна з іх пацэліла ў радзільнае аддзяленне тутэйшага шпіталю.

«Проста туды, дзе быў дзяжурны доктар і жанчына з малым дзіцём. Нашага доктара прываліла ўсімі гэтымі абломкамі. На вялікі жаль, немаўля загінула ад траўмаў. Паўтара дня пражыло з нараджэння», – распавёў галоўны доктар шпіталю Алег Івашчанка.

Маці загінулага дзіцяці ў цяжкім стане адвезлі ў іншы шпіталь. Паводле мясцовых уладаў, ад удараў расейскай ракеты пацярпелі таксама двое працаўнікоў медычнай установы. Анестэзіёлаг атрымаў кантузію, а акушэр-гінеколаг – апёкі трыццаці адсоткаў цела.

«Гэта ўжо крайнія захады, якія ўжываюць рашысты, увогуле не думаючы. Яны бачаць, што на сёння страчваюць тэрыторыі, страчваюць пазіцыі. Ваююць не столькі з вайскоўцамі, колькі з цывільнымі і немаўлятамі», – пракаментавала абстрэл мэр Вільнянску Наталля Мусіенка.

Абстрэльвалі расейскія войскі і Херсоншчыну. Абласная вайсковая адміністрацыя паведамляе пра параненых і загінулых.

«Дзіця хавалася ад абстрэлаў касетнымі снарадамі, і ў выніку гэтага абстрэлу хлопчыка не здолелі ўратаваць. Яшчэ адзін, трынаццацігадовы хлопчык проста перабягаў з летняй кухні ў свой дом – застаўся без рукі», – паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч.

Абласная адміністрацыя рэкамендуе жыхарам Херсону эвакуявацца. Тым часам у Купянску на Харкаўшчыне таксама прылёты па цывільных аб’ектах. Ракеты пацэлілі ў жылы дом, паліклініку і пашкодзілі будынак школы. Загінулі двое мінакоў.

Сёння ўдзень расейскі ракетны тэрор працягваецца. Паветраная трывога залунала амаль па ўсёй Украіне.

«Ідзе масавы ракетны абстрэл тэрыторыі Украіны. У некалькіх вобласцях ёсць траплянні па энергетычных абʼектах. Таксама пацвярджаем удар па цывільным жылым будынку ў Вышгарадзе Кіеўскай вобласці», – распавёў Кірыла Цімашэнка, намеснік кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны.

У сталіцы і шмат якіх іншых гарадах Украіны знікае святло. Паступаюць паведамленні, што ўкраінскія атамныя электрастанцыі адлучаюцца ад энергасістэмы праз адсутнасць спажывання. «Укрэнэрга» абвесціла пра аварыйныя адлучэнні току па ўсёй Украіне на найбліжэйшыя содні. Афіцыйны Кіеў заяўляе, што ракетным тэрорам Расея нічога не дабʼецца.

«Ні вашыя ракеты. Ні вашыя “шахіды”. Ні вашыя абстрэлы радзільняў – ані на міліметр, ані на крок не наблізяць вашага жадання перамоваў. З краінаю-тэрарыстам перамовы – толькі праз прыцэл сілаў абароны», – напісаў у сацсетках Аляксей Данілаў, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Новыя прылёты расейскіх ракетаў па цывільных абʼектах Украіны адбыліся ў той дзень, калі Еўрапейскі парламент прызнаў Расею дзяржаваю-спонсарам тэрарызму.

Валянцін Васіленка, «Белсат»