Лукашэнка прымае старшынства ў АДКБ


Абмеркаваць праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, удасканаленне сістэмы крызіснага рэагавання і супольныя захады для надання дапамогі Арменіі. Такія тэмы сённяшняй сустрэчы чальцоў АДКБ. Аляксандр Лукашэнка ў Ерэван прыбыў яшчэ і па старшынства ў арганізацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова:

«Гэтае чарговае старшынства фармальнае, але, я думаю, Лукашэнка будзе карыстацца ім па максімуме: будзе рабіць нейкія заявы ад імя Беларусі як старшыні АДКБ, будзе на ўсіх гэтых сустрэчах першым пачынаць прамовы, яму гэта будзе падабацца, будзе даваць іншым слова».

Хоць Лукашэнку, а разам з ім і Пуціна ў Ерэване чакалі далёка не ўсе. Напярэдадні саміту ў сталіцы Арменіі адбыліся масавыя пратэсты.

АДКБ сёння – гэта шэсць краінаў: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан. Адна з мэтаў арганізацыі: «Абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласці і суверэнітэту дзяржаваў-чальцоў».

На сённяшнім саміце востра стаіць пытанне бяспекі Арменіі. Сёлета двойчы – у траўні і ў верасні – прэм’ер Нікол Пашыньян звяртаўся да саюзнікаў з АДКБ менавіта па калектыўную абарону. Прычына – абвастрэнне армянска-азербайджанскага канфлікту. Але пакуль дапамогі Ерэван не атрымаў. Пры гэтым Арменія – чалец АДКБ, а Азербайджан – не.

А напярэдадні з Масквы прагучала заява намесніка старшыні Савету Федэрацыі Расеі Канстанціна Касачова, датычная канфлікту Ерэвану і Баку:

«Канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам, на мой погляд, не адносіцца да кампетэнцыі арганізацыі. Кожная з краінаў-чальцоў АДКБ вызначае сваё стаўленне да яго самастойна».

Як паведаміў на сённяшняй сустрэчы ўжо былы генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась, у цэлым праект пастановы Савету калектыўнай бяспекі арганізацыі аб дапамозе Арменіі ўзгоднены. Але больш за гэтыя агульныя словы не прагучала.

«Расея не бароніць, не выконвае сваіх функцыяў. У рэшце рэшт навошта тут расейская ваенная база? Яна для таго, каб бараніць нас. Я згодны, калі кажуць: ну, Карабаху гэта не датычыць. Але ж Арменіі датычыць! Чаму не бароняць? Гэта азначае, што яны павінныя выйсці з Арменіі», – кажа палітолаг Сцяпан Грыгарʼян.

Яшчэ адна глабальная праблема АДКБ – канфлікт паміж двума яе чальцамі: Кыргызстанам і Таджыкістанам. Каму ж у такім разе трэба такая арганізацыя? Самой Расеі, кажа Віталь Цыганкоў:

«Думаць, уяўляць, прыдумляць, што яны яшчэ па-ранейшаму магутная дзяржава, у яе ёсць саюзнікі. Хаця самыя ж расейцы кажуць, што ў іх няма саюзнікаў, апрача арміі ды флоту».

Будучыня ж АДКБ, на думку палітычнага аглядальніка, беспасярэдне залежыць ад выніку развязанай Крамлём вайны ва Украіне.

Алесь Яшчанка, «Белсат»