Супрацьстаянне на мяжы


Сёння з Нацыянальнага аэрапорту Менску мусіць вылецець трэці эвакуацыйны рэйс з мігрантамі. Дасюль Беларусь праз аэрапорт афіцыйна пакінулі 548 чалавек.

«Кожны дзень асобам, якія звяртаюцца ў кампетэнтныя органы Беларусі з хадайніцтвам аб рэпатрыяцыі, мы афармляем адпаведныя дакументы. Толькі за ўчора 118 чалавек вылецелі з Нацыянальнага аэрапорту Менску», – сцвярджае Аляксей Бягун, начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, 321 асоба, якая нелегальна ўехала ў гэтую краіну праз Беларусь, ужо выехала ці дэпартаваная. Пры гэтым прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа зняпраўдзіў інфармацыю, што Нямеччына мелася забраць дзве тысячы мігрантаў да сябе, як тое сцвярджаў Лукашэнка:

«Няма ніякіх пагадненняў квоты на мігрантаў – пяць тысяч ці дзве, гэтага не адбылося. Канцлер Нямеччыны ставіла мэтаю развязанне гуманітарнага крызісу, які можна пераадолець шляхам спынення новых рэйсаў у Менск і спрыянне авіярэйсаў, што вяртаюць мігрантаў на радзіму».

На мяжы з Польшчай у транспартава-лагістычным цэнтры застаюцца каля дзвюх тысяч асобаў, якія, паводле начальніка Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, не жадаюць вяртацца на радзіму. Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік заявіў, што Беларусі мусяць скампенсаваць усе выдаткі на ўтрыманне мігрантаў.

«Людзі застаюцца ў бяспечных умовах, і тут варта шукаць рашэнні, каб яны трапілі туды, куды хочуць. Выдаткі, звязаныя з тым, што нашыя заходнія партнёры не зусім разумеюць, якім чынам наладзіць механізм рэалізацыі гэтых правоў, рэспубліцы павінны быць скампенсаваныя».

Сёння ж лагістычны цэнтр наведалі прадстаўнікі Еўракамісіі. Яны праверылі, у якіх умовах утрымліваюцца людзі і якую дапамогу яны атрымліваюць. Беларусь жа збіраецца ініцыяваць на нечарговым паседжанні выканкаму Сусветнай арганізацыі здароўя разгляд супрацьстаяння польскіх памежнікаў штурму мяжы мігрантамі, што Следчы камітэт Беларусі кваліфікуе як злачынствы супраць бяспекі чалавецтва.

«МАМ, Чырвоны Крыж, УВКУ ў Беларусі даўно. Міжнародная супольнасць мусіць узмацняць гэтыя місіі і ні ў якім разе не накіроўваць грошай на злачынны рэжым Лукашэнкі, а клапаціцца пра людзей, якія трапілі ў такую няпростую сітуацыю толькі праз тое, што беларускі рэжым імі карыстаецца», – зазначае Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Польшча ж не чакае хуткага развязання міграцыйнага крызісу. Толькі за содні памежнікі перашкодзілі нелегальнаму пераходу 174 асобаў. Былі выпадкі і агрэсіўных спробаў.

«18 чалавек спрабавалі прабіцца праз мяжу, кідаючы камяні і выстаўляючы на агароджу рознага кшталту кладкі і лесвіцы. Хтосьці выкарыстаў шумавыя гранаты, яшчэ з беларускага боку», – падкрэсліла прэс-сакратарка памежнай аховы Анна Міхальска.

Што праўда, цярпіць ад канфлікту на беларуска-польскай мяжы і замежны бізнес. Гэтак, да віцэ-прэм’ера Расейскай Федэрацыі Андрэя Белавусава звярнулася Кансультатыўная рада замежных інвестыцыяў у справе развязання праблемы аўтаперавозак. Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, цяпер у чэргах на выезд з краіны застаюцца больш за тры тысячы грузавікоў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»