«Нас хочуць на працу, але не ведаюць, як нам дапамагчы» – Алена Жаркевіч пра беларусаў ва Украіне

Каля васьмідзесяці асобаў узялі ўдзел у слуханнях, зарганізаваных Камітэтам Вярхоўнай Рады Украіны ў пытаннях правоў чалавека, нацыянальных меншасцяў ды міжнацыянальных дачыненняў. Дэпутаты, чыноўнікі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў прысвяцілі паседжанне праблемным пытанням легалізацыі, працаўладкавання ды бяспекі грамадзянаў Беларусі, якія былі вымушаныя выехаць ва Украіну.

«Што мы як народныя дэпутаты можам канкрэтна зрабіць, каб у выпадках, калі можа быць палітычна матываваны пераслед, дапамагчы пракуратуры рэагаваць больш карэктна ў параўнанні з тым, як гэта адбываецца цяпер. Бо мы як заканадаўцы акурат можам гэта змяняць», – кажа дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Іна Саўсун.

Выдача на запыт уладаў Беларусі не адзіная праблема беларусаў, якія ўцякаюць ад рэжыму ва Украіну. Легальна перабываць ва Украіне яны могуць толькі цягам 180-ці дзён. Гэта вельмі кароткі тэрмін, каб уладкаваць жыццё з нуля ў новай краіне, распавядае беларуска Алена Жаркевіч.

«Пакуль ты прыехаў, пакуль зарабіў грошай, каб зняць кватэру, а потым ты прывозіш сям’ю, і ў цябе, калі ты легальна тут, скончыўся тэрмін перабывання. І што рабіць? Ехаць у Польшчу. Нам трэба 360 дзён, дакладна трэба», – перакананая Алена Жаркевіч.

Алена ўцякла ад палітычнага пераследу ва Украіну. Цяпер дапамагае парадамі землякам. З праблемаю пратэрмінаванага побыту сутыкаецца нямала беларусаў.

«У вельмі многіх беларусаў, якія вымушана з’ехалі ва Украіну ў жніўні 2020 года, пратэрмінаваныя гэтыя 180 дзён. Не ўва ўсіх была магчымасць зрабіць від на жыхарства, бо сёння ва Украіне гэта дастаткова вялікія грошы», – кажа прадстаўніца Нацыянальнага абʼяднання беларусаў ва Украіне Таццяна Мартынава.

Каб атрымаць від на жыхарства, неабходна прадэманстраваць высокі заробак. Знайсці адпаведную працу складана. Атрымліваюць статус уцекача ва Украіне беларусы неахвотна, бо ён пазбаўляе магчымасці працаваць.

«Для тых, хто прыехаў паваланцёрыць, – вельмі проста, для тых, хто прыехаў працаваць, – мегаскладана, гэта вялікія грошы, шмат часу і недахоп інфармацыі, куды ісці, што рабіць, дзе падавацца. І працадаўцы Украіны сёння не ведаюць, што рабіць з беларусамі, яны нас хочуць на працу, але не ведаюць, як нам дапамагчы», – кажа Алена Жаркевіч.

Правам перабывання ў краіне, паводле інфармацыі міграцыйнай службы Украіны, цягам толькі дзевяці месяцаў сёлета скарысталіся больш за тысячу сто беларусаў, а 1320 чалавек атрымалі дазвол на працу. І вялікая колькасць нашых суайчыннікаў яшчэ чакае развязання праблемаў з легалізацыяй.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама