Адмыслоўцы перашкаджаюць Лукашэнку захаваць уладу


У Беларусі масава звальняюць працаўнікоў, нелаяльных да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў спасылаюцца на нейкія загады зверху. Колькі чалавек рызыкуе патрапіць пад зачыстку, невядома. Але аперацыю па зачыстцы павінны завяршыць да 1 снежня. Так улады рыхтуюцца да лютаўскага рэферэндуму.

Не аптымізацыя і не скарачэнні. У Беларусі – новая хваля масавых звальненняў у дзяржаўным сектары.

«Некаторыя начальнікі і менеджары кажуць: «Вы ўсё разумееце». Па вялікім рахунку, гавораць: «Спісы прыйшлі з вышэйшых інстанцыяў». І ў гэтых спісах – загад звольніць», – кажа кіраўнік Беларускага абʼяднання рабочых Сяргей Дылеўскі.

«На «Горадня Азоце» звальняюць найважнейшыя кадры – тэхналагічны персанал. Гэта ўсё працягваецца, але сапраўды адчуваецца новая хваля. Мы збіраем гэтую інфармацыю сістэматызавана, пра тое, каго звольнілі на іншых прадпрыемствах, каб нейкую логіку прасачыць», – адзначае прадстаўнік Рабочага руху Юрый Рававы.

Логіка простая: звольніць усіх, хто браў удзел у акцыях пратэсту, падпісаўся за альтэрнатыўнага кандыдата на выбарах ці пакінуў крытычны каментар. Звальняюць на прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах. Незалежна ад досведу і кваліфікацыі. Беларускаму абʼяднанню рабочых вядомы спіс з 25-ці работнікаў Нацыянальнага банку – кандыдатаў на звальненне.

«Чалавека ставяць перад выбарам: альбо чалавека звальняюць па ўласным жаданні, альбо абяцаюць ціснуць любымі спосабамі, у тым ліку пагражаюць вышукам, ператрусамі жытла і пасадкамі на Акрэсціна паводле адміністратыўных справаў», – падкрэслівае Сяргей Дылеўскі.

Чысткі ў сілавых структурах не спыняюцца з леташняй восені – піку пратэставай актыўнасці ў Беларусі. Паводле былога работніка адміністрацыі прэзідэнта Анатоля Котава, хваля звальненняў пракацілася па Следчым камітэце, цяпер ад нелаяльных пазбаўляецца Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў.

«Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў перажывае вялікія чысткі як у Менску, так і ў абласных гарадах Беларусі. Калі там амаль нікога не застаецца – ідуць размовы са студэнтамі 5-6 курсу медуніверсітэтаў, каб яны ішлі працаваць як эксперты», – адзначыў Анатоль Котаў.

Пра колькасць нядобранадзейных работнікаў пакуль цяжка казаць. Толькі ў Беларускае аб’яднанне рабочых па дапамогу ўжо звярнуліся каля трох з паловаю тысяч кандыдатаў на звальненне. Паводле звестак Свабоднага прафсаюзу металістаў, на некаторых прадпрыемствах звальненні могуць дасягаць 20-ці адсоткаў работнікаў.

«Я не ўзгадаю такога маштабу пераследу людзей. Іх не было ў гісторыі Беларусі», – падкрэсліў прадстаўнік Свабоднага прафсаюзу металістаў Ігар Комлік.

Спісы на звальненне, кажуць, прыйшлі зверху: магчыма, з КДБ. Называюць нават дату завяршэння масавай зачысткі – 1-га снежня. Улады рыхтуюцца да лютаўскага рэферэндуму, упэўненыя нашыя суразмоўцы.

«Улады не хочуць трапіць на тыя ж граблі, на якія наступілі ў жніўні 2020 года. Каб усе пасіянарыі, усе актывісты, усе людзі, якія здольныя будуць падчас абурэння людзей скіраваць гэтыя эмоцыі ў рэчышча, якое можа вырашыць сітуацыю, каб усіх іх прыбраць», – мяркуе Юрый Рававы.

На думку нашых экспертаў, масавыя звальненні знізяць якасць прадукцыі і дзяржаўных паслуг. Аднак цяпер беларускі рэжым больш заклапочаны захаваннем улады Лукашэнкі, чым утрыманнем адмыслоўцаў на прадпрыемствах і ў дзяржаўных структурах.

Антон Каменскі, «Белсат»