Што абяцаюць мабілізаваным расейцам?


Перш як мабілізаванаму пачаць знаёміцца са сваймі новымі абавязкамі, варта памятаць, што старыя нікуды не знікаюць.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вайна вайною, а за крэдыт плаціць давядзецца. Дэпутат дзярждумы Расеі Сяргей Картапалаў заявіў наступнае:

«Калі вас паклічуць, вы будзеце працягваць плаціць іпатэку ўжо са сваёй новай «палучкі», якая будзе вельмі высокая».

Паводле Міністэрства абароны Расеі, афармленне мабілізаванага работніка будзе аналагічнае, як пры наборы на абавязковую вайсковую службу: працадаўцы павінны скасаваць працоўную дамову праз не залежныя ад іх прычыны. Дарэчы, колькі заплацяць тым, хто праз мабілізацыю траціць працу, вымушаны выплачваць іпатэку і ўтрымліваць сям’ю?

На сайце Мінабароны Расеі ёсць калькулятар, які дапамагае падлічыць мінімальнае забеспячэнне. Гэтак, звычайны шараговец без заслуг, прывілеяў ды ільготаў атрымае 13-14 тысячаў расейскіх рублёў, што складае прыкладна 215 долараў. Такая сітуацыя здарылася ў адной з расейскіх кватэраў. Патэнцыйны прызыўнік кажа:

«Вы ў стане, паводле вашага загаду, палічыць, колькі я атрымаю? У мяне на сёння двое дзяцей на ўтрыманні, гэта першае. Другое – у мяне заробак 42 тысячы рублёў, 40 з іх сыходзіць на крэдыты».

Мэр Масквы Сяргей Сабянін устанавіў выплаты мабілізаваным вайскоўцам. Інфармацыя наступная:

Мабілізаваным належыць штомесячная выплата RUB 50 тыс. (каля $ 860);

Мабілізаваным у Маскве ў выпадку цяжкага ранення плацяць дадаткова RUB 1 млн (каля $ 17 160), пры лёгкім – RUB 0,5 млн (каля $ 8580);

У выпадку смерці мабілізаваных у Маскве пры выкананні імі абавязкаў семʼям выплацяць RUB 3 млн (каля $ 52 000);

Замежнікам, якія заключылі кантракт на службу ў Маскве, надаюць такія ж захады сацыяльнага падтрымання, як мабілізаваным.

Якія будуць рэальныя лічбы, бліжэй абяцанняў Сабяніна ці згодна з калькулятарам на сайце Мінабароны, пакуль невядома.

Пасля прызыву звычайна ідзе курс маладога байца. Месяц ці нават больш рыхтавання, у залежнасці ад спецыяльнасці. Але ў выпадку частковай мабілізацыі ўсё трохі інакш. Аглядальнік «Інфармацыйнага супраціву» Аляксандр Каваленка кажа:

«Неабходна прыкладна дзесьці каля двух месяцаў для таго, вучобы іх навучыць базавым ведам для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Асабліва калі ўлічваць той факт, што большасць з іх – гэта грамадзянскае насельніцтва, якое праходзіла ваенную службу дзясяткі гадоў таму. Тое, як па мне, там трэба хоць бы 3 месяцы навучання».

А куды ж накіруюць тых, хто да баявых дзеянняў не гатовы? Паводле вайскова-палітычнага аглядальніка Юрыя Фёдарава:

«На разгрузку эшалонаў з боепрыпасамі або з ваеннаю тэхнікай. Або іх могуць накіраваць на тое, каб яны кіравалі або вадзілі грузавікі з боепрыпасамі ды іншым рыштункам на месца бітваў».

Ёсць інфармацыя ад украінскіх уладаў для мабілізаваных расейцаў. Парады ад міністаркі рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірыны Вэрэшчук наступныя:

«Калі вас мабілізавалі і вы апынуліся на тэрыторыі Украіны, вы можаце проста здацца ў палон. Так вы захаваеце самае каштоўнае – сваё жыццё: для сябе і для сваіх блізкіх. Гэта лепш за ганебную смерць на чужыне. У палоне вам гарантуецца бяспека і годныя ўмовы ўтрымання. З часам вас могуць абмяняць на ўкраінскіх палонных. Аднак калі вы не захочаце вяртацца ў Расею, то, згодна з Жэнеўскаю канвенцый і законаў Украіны, вас ніхто не будзе перадаваць у Расею супраць вашай волі».

Кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталій Кім мае для расейскіх акупантаў свае парады: здаваць тэхніку і атрымаць за яе грошы.

Як сёння паведаміла Міністэрства абароны Расеі, пад мабілізацыю не трапяць адмыслоўцы ў IT, журналісты і работнікі банкаўскай сферы.

Алесь Яшчанка, Уладзіслаў Корсак, Ала Пярумава, «Белсат»