Побач з польскай мяжой заўважылі беларускіх салдат


На беларуска-польскай мяжы затрымліваюць не толькі мігрантаў, але і тых, хто ім дапамагае. Таксама на мяжы польскія памежнікі заўважылі людзей у спецыяльнай форме.

За апошнія содні польская памежная служба злавіла траіх асобаў, якія спрыялі незаконнаму пераходу мяжы. Сярод іх – адзін беларус. Агулам жа ад пачатку жніўня выкрылі больш як 80 такіх памагатых.

«Асобаў з Беларусі было няшмат, пераважаюць тут грамадзяне Грузіі, калі вядзецца пра дапамогу. Ёсць таксама грамадзяне Сірыі, Іраку. А грамадзянаў Беларусі літаральна некалькі асобаў было», – кажа прэс-сакратар памежнай службы Польшчы Анна Міхальска.

З пачатку верасня Польшча ўвяла на памежных тэрыторыях надзвычайны стан. Сёння на беларускім баку мяжы польскі патруль заўважыў людзей, форма якіх адрозніваецца ад формы памежнікаў. Пазней спецслужбы Польшчы людзей у форме ідэнтыфікавалі.

«Пацвярджаю! У памежнай з Польшчай паласе ідэнтыфікаваныя, між іншага, салдаты паветрана-дэсантных частак, службы спецыяльнага прызначэння Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь ці АМАПу. Некаторыя вайскоўцы ўзброеныя, між іншага, снайперскімі вінтоўкамі. Памежная служба мае рацыю, ля мяжы з Польшчай з‘яўляюцца салдаты з частак, якія займаюцца не аховай мяжы, а баявымі дзеяннямі», напісаў у сваім Тўітары прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы.

Рэжым надзвычайнага стану на памежнай тэрыторыі не змяншае колькасці спробаў мінуць мяжу ў абыход пунктаў пропуску. За мінулыя содні польскія памежнікі развярнулі на мяжы з Беларуссю 233 мігранты, 8 асобаў затрымалі.

Яшчэ 20 чалавек не ўпусцілі ў сваю краіну латышскія памежнікі ды 24 – літоўскія. Літва, якая першай сутыкнулася з нелегальнай міграцыяй, цяпер зазнала іншую праблему: мінае паўгода – тэрмін, які дазваляе ўтрымліваць парушальнікаў памежнага заканадаўства.

«Мая ідэя – працягнуць гэты тэрмін. Іншыя кажуць, што гэтага не трэба рабіць, і тады гэтыя людзі змогуць выйсці з Цэнтру, напрыклад, у краму. Але мы ведаем, што яны ў краму прыйдуць, можа, каля Берліну, бо выедуць з Літвы», – кажа старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

З пачатку жніўня ў Літве дзеіць праграма вяртання мігрантаў назад, з’явілася магчымасць падаць прашэнне на прытулак у менскай амбасадзе.

«Галоўнае, трэба разумець што палітычныя мэты, якіх спрабуе дасягнуць Лукашэнка, ніяк не будуць дасягнутыя. Еўразвяз і Літва мацнейшыя за адзін аўтакратычны рэжым», – перакананы Томас Тамілінас з камітэту ў еўрапейскіх справах сейму Літвы.

У еўрапейскай прэсе з’яўляюцца паведамленні пра рост нелегальнага мінання ўжо польска-нямецкай мяжы.

«Польская мяжа – гэта ўсходняя мяжа Еўразвязу, і еўрапейская дапамога цалкам дасяжная для польскіх уладаў у гэтай сітуацыі. Я магу паўтарыць, што еўракамісар унутраных справаў Ільва Югансан нядаўна сказала, што важна абараніць мяжу ад агрэсіі рэжыму Лукашэнкі. І лепш зрабіць гэта супольнымі намаганнямі, такімі, як дапамога «Фронтэксу», мы мусім зрабіць гэта празрыста», – кажа прадстаўнік Еўрапейскай камісіі Адальбэрт Янц.

Заўтра еўракамісар унутраных справаў Ільва Югансан і міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі абмяркуюць магчымасці дапамогі. Плануецца таксама прыезд дэлегацыі з Еўразвязу ў Польшчу, каб ацаніць сітуацыю і распрацаваць супольны план дзеянняў.

Беларусь жа працягвае закідваць абвінавачваннямі суседзяў – у жорсткім абыходжанні з мігрантамі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за пакіданне ў небяспецы. Вядзецца пра нібыта збітага польскімі памежнікамі грамадзяніна Іраку, якога знайшлі днямі непадалёк мяжы з Польшчай.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»