Беларусь штурхаюць у «русский мир»?


Менчукі стварылі петыцыю супраць тэндэнцыёзных ролікаў, што круцяцца ў сталічным метро. Напрыклад, відэа пра гісторыю Беларусі, але з выразным прарасейскім і антызаходнім пасылам. Прыбраць неадназначны кантэнт чыноўнікі адмовіліся. Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў беларускай публічнай прасторы і нават у сферы адукацыі прасоўваюцца ідэі, блізкія да так званага «русского мира». А дзяржаўныя медыі паўтараюць лозунгі расейскай прапаганды. Што гэта – спроба беларускага рэжыму дагадзіць адзінаму саюзніку ці знак сапраўднай акупацыі? 

«Дзесяцігоддзі тэрору прывялі да аслаблення, але не змаглі цалкам зламіць яе [праваслаўную царкву]. У 1839 годзе, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, нашыя продкі вярнуліся ва ўлонне праваслаўя!» – гэтак у роліку, што круціцца ў менскім метро, расказваюць пра Берасцейскую царкоўную ўнію і яе скасаванне. Выключна з імперскіх пазіцыяў. У іншых відэа гэтага праекту ні слова пра Аршанскую бітву, паўстанне Каліноўскага або Францішка Скарыну. Затое шмат расейскіх цароў і Вялікай Айчыннай вайны. На Youtube-канале гэткія ролікі выпускаюць яшчэ з 2020 года. Што праўда, вялікай папулярнасці яны не здабылі. Гісторык Цімафей Акудовіч уплыў гэтага кантэнту на свядомасць беларусаў ацэньвае скептычна.

«Гэты кантэнт паказвае беларусаў, якія будавалі Расейскую імперыю ці Савецкі Саюз, гэта мала каму цікава, бо гэта вядзе ў нікуды. Няясна, на што абаперціся. Ну, будавалі яны Расейскую імперыю. А нам што з таго?» – кажа Цімафей Акудовіч.

Тэма Другой сусветнай вайны – адна з асноваў крамлёўскай прапаганды. А для беларускага рэжыму яшчэ і спосаб апраўдаць ґвалт супраць уласных грамадзянаў, мяркуе Цімафей Акудовіч.

«Атрымалася, што праз вайну можна апраўдаць усё, што адбывалася пасля 2020 года. Там дзіўныя схемы апраўдання, але яны адзіныя. Маўляў, не дапусціць зноў Хатынь, нацызм», – разважае гісторык.

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ваяўнічая рыторыка беларускага рэжыму выйшла на новы ўзровень. Дзяржаўныя медыі паўтараюць крамлёўскія тэзісы: вайну называюць спецаперацыяй, а захоп украінскіх тэрыторыяў – вызваленнем. Але прапаганда можа мяняць свой пасыл у залежнасці ад сітуацыі, нагадвае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі. Пакуль беларускаму рэжыму выгадна падтрымліваць свайго саюзніка.

«Тое, што можна атрымаць у абмен на добрыя словы і кампліменты, беларускія ўлады гатовыя атрымліваць. А вось саступаць сваю ўладу яны не гатовыя. Іншая рэч, што яны загналі сябе ў калідор, у якім мала магчымасцяў для іх, і таму яны многа на што пагаджаюцца», – мяркуе Паўлюк Быкоўскі.

У тым ліку на трансляцыю пракрамлёўскіх поглядаў унутры Беларусі. На думку іншага эксперта, журналіста і палітыка Сяргея Навумчыка, такая рыторыка цалкам адпавядае сутнасці беларускага рэжыму.

«Лукашэнка скінуў маску. Ён прадстаў перад грамадствам тым, кім ён заўсёды быў – рускім шавіністам, рускім фашыстам. Рускім імперцам», – кажа Сяргей Навумчык

Дзейная ўлада фактычна прасоўвае ідэі так званага заходнерусізму, мяркуюць нашыя эксперты. Такія ідэі трапляюць нават у беларускія ўніверсітэцкія праграмы, куды ўключылі кнігі філосафа-шавініста Аляксандра Дугіна.

«Заходнерусізм адным з асноўных пастулатаў мае тое, што беларусы не з’яўляюцца асобным народам, што гэта этнаграфічная частка вялікарускага народу. Канцэпцыя ўзнікла яшчэ да падзелу Рэчы Паспалітай, але ўзмацнілася пасля яго. І на беларускіх землях былі даволі моцныя прасоўванні гэтай ідэі», – тлумачыць Паўлюк Быкоўскі.

Магчыма, гэта проста чарговы рэверанс беларускага рэжыму ў бок Крамля. Аднак Сяргей Навумчык прапаноўвае разглядаць пракрамлёўскую прапаганду ў кантэксце цяперашніх падзеяў у Беларусі.

«Калі такая расейска-шавіністычная, расейска-фашысцкая прапаганда, імперская, калі яна яшчэ падмацоўваецца штыком, дубінкай, катаваннямі ў кабінетах КДБ-ГУБАЗіКа і гэтак далей, гэта вельмі сурʼёзна. Гэта можа прывесці да вынікаў вельмі трагічных для лёсу беларускай незалежнасці ў сярэднетэрміновай перспектыве», – мяркуе Сяргей Навумчык.

Прасоўванне прарасейскага бачання гісторыі Сяргей Навумчык лічыць прыметай акупацыі Беларусі. Хай сабе і невідавочнай. Але эксперт пакідае месца для аптымізму: на ягоную думку, у доўгатэрміновай перспектыве Беларусь зноў паўстане як незалежная краіна з уласным поглядам на сваю гісторыю.

Валянцін Васіленка, «Белсат»