Уклады пад кантролем сілавікоў


Банкаўская таямніца? Не ў Беларусі. Айчынныя банкі не гарантуюць таямніцы ўкладаў сваім кліентам. Сілавікі атрымалі поўны доступ да інфармацыі аб рахунках і электронных гаманцах беларусаў. Гэта вынікае з плану арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння Следчага камітэту, Генеральнай пракуратуры і МУС з Нацбанкам. Дакумент трапіў у распараджэнне Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Сачыць за ўсімі банкаўскімі аперацыямі грамадзянаў у рэжыме онлайн. Такую магчымасць дае сілавікам план інфармацыйнага ўзаемадзеяння з Нацбанкам. Дакумент зацверджаны яшчэ 9 ліпеня. Тады ж уступіў у сілу закон, які дазволіў рэгулятару і Савету міністраў блакаваць валютныя аперацыі грамадзянаў у выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы і стабільнасці фінансавай сістэмы.

«Мы мяркуем, што гэтае рашэнне звязанае з той пратэставай актыўнасцю, якую мы назіраем да сённяшняга дня, і рэжым спрабуе ажыццявіць поўны кантроль за фінансамі грамадзянаў, за ўсімі аперацыямі, якія ажыццяўляюць грамадзяне нашай краіны», – адзначыў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Яшчэ ўвосень сілавікі спрабавалі кантраляваць банкаўскія рахункі грамадзянаў, каб спыніць фінансавую дапамогу, якую пацярпелым ад рэпрэсіяў аказваў фонд «BY_HELP». Тады на рахунках заблакавалі каля паўтара мільёна рублёў. Аднак Нацбанк адмяніў блакаванне.

«Тады мы зразумелі, да чаго ўсё ідзе. З гэтага моманту мы робім усё, каб нашых плацяжоў банкаўская сістэма не бачыла. Цалкам перайсці на нешта нябачнае немагчыма, калі ты працуеш з крыптавалютай, то грошы ўсё роўна пераводзяцца на звычайную карту. Проста не відаць таго, ад каго грошы прыходзяць», – тлумачыць сузаснавальнік ініцыятывы «BY_HELP» Аляксей Лявончык.

Татальны кантроль за банкаўскімі аперацыямі падрывае давер да банкаўскай сістэмы і ліквідуе панятак банкаўскай таямніцы, перакананыя ў Народным антыкрызісным упраўленні.

«Тое, што ў Беларусі перастае існаваць банкаўская таямніца, дае нам магчымасць і падставы дамагацца ўвядзення санкцыяў як у дачыненні Нацыянальнага банку, так і Міністэрства фінансаў Беларусі. Гэтыя інстытуты становяцца інструментамі рэпрэсіўнай машыны, разгорнутай да неймаверных маштабаў у нашай краіне», – падкрэсліў Павел Латушка.

НАУ звярнуўся да Еўразвязу, Вялікай Брытаніі ды Злучаных Штатаў з патрабаваннем прыняць захады супраць Нацбанку і Міністэрства фінансаў Беларусі. Сёння Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Fitch Ratings» адклікала рэйтынгі «Беларусбанку» і «Белінвестбанку».

Абедзве ўстановы раней трапілі пад еўрапейскія санкцыі і не змогуць атрымліваць крэдыты ў Еўразвязе. Тым часам беларусы сутыкнуліся з праблемамі ў разліках банкаўскімі картамі і працягваюць здымаць валюту з дэпазітаў. З пачатку года яны забралі з банкаў амаль 621 мільён долараў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»