Мільярд ад МВФ: ці скарыстаецца ім Лукашэнка?


Ва ўсім свеце беларусы выйшлі да будынкаў прадстаўніцтва МВФ з патрабаваннем не даваць Лукашэнку амаль мільярд долараў. У тым ліку ў Варшаве:

«Выходзіць, што Міжнародны валютны фонд фінансуе ката і тэрарыста Лукашэнку. Таму мы сёння выйшлі».

«Трэба будзе – галадаваць пайду. Буду тут да ночы стаяць і крычаць, таму што мне вельмі баліць душа, сэрца за маю краіну, за людзей, якія засталіся там».

У Вільні ж збіралі подпісы пад петыцыяй, з якой звярнуліся да кіраўнікоў дыпламатыі Еўразвязу, ЗША і Вялікай Брытаніі.

«Мы лічым, што гэтыя грошы нельга будзе пракантраляваць. Яны пойдуць на нямэтавае выкарыстанне. Адпаведна, мы палічылі, 69 гадоў ён можа на гэтыя грошы ўтрымліваць АМАП», – распавядае ўдзельнік пікету.

Вынік? Беларусь дапамогу ад Міжнароднага валютнага фонду ўсё ж атрымае.

«Ніякае гэта не прызнанне легітымнасці. Гэта фармальная законная працэдура, якую заблакаваць можна было б толькі ў надзвычайнай сітуацыі вайны або генацыду народу», – упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле медыяў, дапамогі не атрымаюць Венесуэла, М’янма і Афганістан. У фінансавання няма фізічнай формы – гэта так званыя Спецыяльныя правы пазычання. Каб імі скарыстацца, іх трэба абмяняць на долар, еўра, брытанскі фунт, японскую ену або кітайскі юань.

«Тэхнічна ўрад Беларусі павінен звярнуцца да МВФ з просьбай паспрыяць у канвертацыі рэзерваў у свабодную валюту. Менавіта ў гэтым мы бачым месца, дзе мы можам стварыць перашкоды для канвертацыі SDR», – лічыць кіраўнік офісу Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі.

У тым ліку з дапамогай замежных банкаў. На ўзроўні МВФ гэта развязацца ўжо не можа.

«МВФ ніякім чынам не ацэньвае сітуацыі ў Беларусі, гэтаксама як і не ацэньвае легітымнасці Лукашэнкі на той пасадзе, якую ён цяпер займае. Калі прымалася рашэнне – яно было абсалютна сляпым, глухім да сітуацыі ў краіне», – абураецца Валерый Кавалеўскі.

Дапамога ад МВФ мае пайсці на барацьбу з каронавірусам. Як яе выкарыстае Беларусь, пракантраляваць фонд не зможа.

«Беларускі рэжым можа зрабіць усё што заўгодна. Бо механізмаў эфектыўнага кантролю за выкарыстаннем гэтых сродкаў няма», – упэўнены Яраслаў Раманчук.

Калі валюта ў выніку апынецца на рахунку дзяржаўнага банку, Міністэрства фінансаў зможа распарадзіцца сродкамі на свой погляд.

Яна Шэк, «Белсат»