Антыпольская кампанія ў Беларусі ў яе новай форме


Чарговае пахаванне польскіх жаўнераў у Беларусі зраўнаванае з зямлёй. Толькі за апошні час у Беларусі было апаганена або знішчана з дзясятак польскіх пахаванняў, што выглядае чарговым этапам маштабнай антыпольскай кампаніі, якая працягваецца ў Беларусі з 2020 года. Узгадваем, з чаго ўсё пачыналася, і разбіраемся, чаму менавіта Польшча стала галоўным ворагам беларускага рэжыму.

Вандалізм на могілках у Беларусі – гэта не проста размаляваныя фарбай надмагіллі, а татальнае іх знішчэнне, быццам пахавання ніколі і не было. Апошні месяц такім чынам адно за адным апаганьваюцца пахаванні польскіх жаўнераў. Новае сведчанне пра зраўнаваны з зямлёй помнік прыйшло са Стрыеўкі Гарадзенскага раёну. Помнік быў усталяваны ў гонар 32 жаўнераў Арміі Краёвай, якія загінулі блізу вёскі ў 1943 годзе ў баі з нямецкай вайсковай паліцыяй. Афіцыйная Польшча не верыць, што вандалізм адбываецца без удзелу дзяржавы.

«Мы лічым, што гэта працяг негатыўных дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму на адрас польскай дзяржавы, накіраваны супраць Польшчы, палякаў і таксама палякаў, якія жывуць у Беларусі і для якіх ваенныя могілкі ды гістарычныя помнікі маюць вельмі вялікае значэнне», – сказаў прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна пасля таго, як была знішчана магіла ў Мікулішках.

Калі сабраць сведчанні мясцовых жыхароў і Міністэрства замежных справаў Польшчы, за апошні час у Беларусі брутальным чынам апаганена з дзясятак пахаванняў польскіх жаўнераў. Такая зачыстка ландшафту ўскосна абгрунтоўваецца наратывамі, што гучаць у прапагандзе.

«Калі так уважліва прасочыш за імі, дык падкрэсліваецца, што жаўнеры Арміі Краёвай адыгрывалі вельмі дрэнную ролю ў беларускай гісторыі, займаліся пераважна знішчэннем цывільнага насельніцтва і ў прынцыпе, калі паслухаць беларускіх прапагандыстаў, асабліва не адрозніваліся ад нямецкіх захопнікаў», – тлумачыць доктар гістарычных навук з Нямеччыны Аляксандр Фрыдман.

Hавiны
Навошта ўладам разбураць польскія могілкі ў Беларусі? Спыталі гісторыка Фрыдмана
2022.07.23 18:17

Санкцыянаванае ўладамі знішчэнне польскіх пахаванняў добра ўпісваецца ў маштабную антыпольскую кампанію, якую рэжым Беларусі разгарнуў у 2020 годзе. Як некалі ў Савецкага Саюзу, гэтак цяпер у Беларусі ёсць выразны вонкавы вораг, які мусіць дапамагчы аўтарытарнаму кіраўніку кансалідаваць грамадства вакол сябе. Гэты вораг, вядома, хоча Беларусь захапіць:

«А сегодня уже и на нас смотрит через прицел. Им нужна уже вся Беларусь, а не только Восточные Кресы».

Супраць створанага ворага рэжым выкарыстоўвае не толькі агрэсіўную рыторыку. У 2020 годзе Беларусь выслала польскіх дыпламатаў, хутка ў турму трапілі прадстаўнікі Саюзу палякаў, пасля на мяжы з Польшчай утварыўся штучны міграцыйны крызіс. Але чаму менавіта Польшча была абраная на ролю вонкавага ворага?

«Вонкавы вораг сапраўды павінен пагражаць, ён павінен быць моцным, – кажа Аляксандр Фрыдман. – Польшча ж не адзіны вораг, ёсць таксама Літва, ёсць краіны Балтыі, але, безумоўна, калі мы паглядзім на тэрыторыю і на эканамічную магутнасць, Польшча пасуе на вобраз ворага больш, чым Літва».

Да таго ж, паводле Аляксандра Фрыдмана, у супольнай гісторыі Польшчы ды Беларусі ёсць шэраг канфліктных пытанняў, на якія, ствараючы вобраз ворага, можна лёгка абаперціся. Нарэшце, з усіх краінаў Еўразвязу Польшча зазвычай займае найбольш прынцыповую пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі ды выступае за жорсткія санкцыі. Праўда, антыпольская кампанія не так уплывае на саму Польшчу, як на польскую меншасць у Беларусі.

Hавiны
Улады Беларусі не спыняцца, пакуль не знясуць усіх «польскіх» помнікаў? Рэч не толькі ў Арміі Краёвай
2022.07.13 18:39

«Гэта ненармальная сітуацыя, калі ў краіне ў ХХІ стагоддзі нацыянальная меншасць павінна хавацца, павінна хаваць сваю дзейнасць, не прызнавацца ў гэтай дзейнасці, не прызнаваць сваіх сувязяў з польскасцю, не прызнаваць сувязяў з польскай арганізацыяй – Саюзам палякаў. Гэта ўсё проста дзікунства», – дзеліцца журналіст газеты «Rzeczpospolita» Руслан Шошын.

На жаль, выглядае, што вынаходніцтва ўладаў Беларусі ў антыпольскай кампаніі далёка не вычарпанае.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»