ЗША ўводзяць новыя санкцыі супраць Кубы ды іншыя навіны замежжа


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн рашуча асудзіў задушэнне масавых пратэстаў на Кубе і анансаваў новыя санкцыі супраць уладаў краіны. Яны закрануць кіраўнікоў узброеных сілаў і падраздзялення Міністэрства ўнутраных справаў. Супраць міністра Рэвалюцыйных збройных сілаў Кубы А́львара Лопэса М’еры і спецыяльнай нацыянальнай брыгады кубінскага МУС «Чорныя берэты» санкцыі ўжо ўвялі. Байдэн запэўнівае: «Гэта толькі пачатак».

«Адстойванне чалавечай годнасці і свабоды – прыярытэт для маёй адміністрацыі, і мы будзем шчыльна супрацоўнічаць з нашымі партнёрамі па ўсім рэгіёне, у тым ліку Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаваў, каб ціснуць на рэжым з мэтаю дамагчыся неадкладнага вызвалення незаконна затрыманых палітычных вязняў, аднавіць доступ да інтэрнэту і забяспечыць захаванне асноўных правоў кубінскага народу», – запэўніў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Пратэсты ўспыхнулі 11-га ліпеня, але, як кажуць аналітыкі, спелі даўно. На выспе слабая эканоміка: высокія цэны, дэфіцыт тавараў і ежы. Назіраюцца перабоі з электрычнасцю. Асобным трыґерам для пратэстаў паслужыў рост заражальнасці і смерцяў праз COVID-19.

Італія ўводзіць сертыфікаты COVID

Ужо месяц ад COVID-19 на Кубе прышчапляюць уласнаю вакцынай. Улады сцвярджаюць, што «Абдаля» – гэткую назву мае прэпарат – эфектыўная амаль на 100 адсоткаў. Тым ня менш, на выспе назіраецца рост выпадкаў захворвання. Мясцовае насельніцтва не давярае афіцыйнай статыстыцы, якае сцвярджае адваротнае.

Паводле сусветнай статыстыкі, першае месца паводле заражэння займаюць ЗША. Затым ідзе Індыя, і замыкае тройку Бразілія. Падчас першай хвалі з першых пазіцыяў не сыходзіла Італія. Цяпер яна на 10-м месцы. У краіне абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі. З гэтай нагоды Італія ўводзіць сертыфікаты COVID. Атрымаць іх могуць тыя, хто прышчапіўся хаця б адной дозай вакцыны. Карткі будуць дзеяць у рэстаранах, барах ды іншых закрытых памяшканнях. На транспарт такі пропуск не распаўсюджваецца.

Алімпіяда ў Токіа ўсё ж адкрылася

На трыбунах ніводнага гледача, а самі спартоўцы ў масках – гэтак выглядае адкрыццё Алімпійскіх гульняў у эпоху ковіду. Японскія ўлады разам з Міжнародным алімпійскім камітэтам не паслухалі ані эпідэміёлагаў, ані ўласнага грамадства – больш за палову японцаў выказаліся супраць правядзення гульняў. У прэсе Алімпіяду ўжо празвалі самай дзіўнай за ўсю гісторыю. Маскі спартоўцам можна здымаць толькі на спаборніцтвах, трэніроўкі не ўлічваюцца. Крычаць, гучна выказвацца ў падтрыманне нельга – толькі пляскаць у далоні. Увесь час трэба трымаць дыстанцыю. Абдымацца і паціскаць адно аднаму рукі таксама забаронена. Усе правілы паводзінаў на Алімпійскіх гульнях распісаныя ў адмысловым зводзе на 70 старонак.

Алімпіяда ў Токіа суправаджаецца здарэннямі ад пачатку яе рыхтавання: ад захворвання спартоўцаў на ковід да звальнення рэжысёра цырымоніі – за жарт пра Галакост.

Плануецца, што ў Алімпіядзе возьмуць удзел звыш за 12 тысяч спартоўцаў. Гэта больш за 200 краінаў. Завершыцца ўсё 8-га жніўня.

Надзея Бельская, «Белсат»