Палова беларусаў зарабляе менш за BR 870


Сярэдні заробак у чэрвені вырас на амаль 14 рублёў. Пры гэтым прынамсі палова беларусаў атрымлівае «на рукі» заробак, меншы за 870 рублёў… Гэта медыяна даходаў насельніцтва, якая найлепш адлюстроўвае наш рэальны дабрабыт. Расслаенне ў заробках на прадпрыемствах-флагманах дасягнула максімуму за апошнія 8 гадоў. Працаваць менш не сталі, чаму ж худнее гаманец?

BR 870 рублёў з ужо адлічанымі падаткамі – медыянны заробак беларуса, сярэдняга ў шэрагу. Гэта значыць – палова беларусаў зарабляе больш за гэтую лічбу, другая палова – зарабляе менш…

Жыхары Бабруйску:

«Свякроў у мяне працуе на «Красном пищевике» са стажам каля 20 гадоў і зарабляе Br 400, адпаведна ёй не хапае на жыццё».

«З дзіцём пражываю адна на Br 700… На такі заробак не шыкуем».

«Мне хапае злятаць некуды адпачыць, паесці, папіць, зрабіць рамонт, заправіць аўтамабіль».

«Я не скажу што нехта шыкуе. На мора ніхто са знаёмых на адпачынак не ездзіць».

Блізкія да рэальных, медыянныя звесткі аб даходах вылічваюць метадам сярэдняга арыфметычнага сярод работнікаў кампаніяў, у якіх занятыя каля 60 % працаўнікоў краіны. Сярэдні заробак, пра які рапартуюць штомесяц, пралічваецца з перакосам у большы бок. Розніца паміж сярэднім і медыянным заробкамі паказвае ўзровень матэрыяльнага расслаення сярод наёмных працаўнікоў. У чэрвені яна склала 28,3 %, перакрочыўшы дапушчальную рысу і паставіла рэкорд за даступныя 8 гадоў статыстыкі.

Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Тое што расце няроўнасць, сведчыць пра тое, што бяднее сярэдні клас. З яго вымываюцца людзі, якія могуць на сябе зарабляць. Каб мы былі шэранькія, не мелі дадатковых крыніцаў даходу… Ішлі на дзяржслужбу, дзяржаўнае кіраванне, дзяржаўныя прадпрыемствы».

Даходы беларусаў сёлета апусціліся да ўзроўню, які быў 8–9 гадоў таму. Кошты на жыццё – працягваюць расці, прычым у чэрвені інфляцыя дасягнула 10 %. Пры дапамозе звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту «Белсат» параўнаў чэрвеньскія цэны на харчы з тымі, што былі ў 2014 годзе, прыбраўшы лішнія, недэнамінаваныя нулі. На траціну падаражэла мяса і таматы, удвая падаражэлі хлеб ды малако, утрая – грэчка.

2014 2021

таматы 2,24 3,73

чорны хлеб 0,99 2,02

малако 0,82 1,60

грэчка 1,19 3,49

ялавічына 10,47 15,36

Працаваць менш не сталі, чаму ж худнеюць гаманцы, разважае Яраслаў Раманчук:

«Вытворчасць працы не стала большаю. Інвестыцыі ў асноўны капітал у апошнія 3 гады змяншаюцца. Інвестыцыйна-мадэрнізацыйныя праграмы, якія запусціў урад, таксама не даюць нейкай аддачы. Яны таксічныя і вымагаюць яшчэ большых субсідыяў з бюджэту».

Каб краіне хапіла харчоў да новага ўраджаю, урад часова забараніў вываз з Беларусі за межы ЕАЭС пшаніцы і спельты, грэчкі і крупаў з яе. Пры амаль нулявым у апошнія два месяцы росце ВУП стаўку Лукашэнка робіць у тым ліку на прыбыткі з харчовай прамысловасц:

«Галоўны фактар, на які трэба звяртаць увагу, складаецца ў тым, што харчаванне як ніколі сёння вырасла ў кошце. Попыт неймаверны. Каля мільёну чалавек у свеце, паводле розных ацэнак, галадуюць».

У краінах, дзе людзі галадаюць, як, напрыклад, афрыканскі Судан, праблемы з плацежаздольнасцю. Таму пытанне – якія краіны набудуць беларускае і годна заплоцяць?

Сяргей Жбанаў, эканаміст:

«Калі мы пачнем глядзець па структуры – малочныя прадукты, мяса ў розных гатунках, то мы ўбачым, што ўсё гэта ў межах 70-90 % у нас набывае Расея. А калі ўзяць размовы пра пастаўкі малочных прадуктаў у Кітай – то гэта мае характар больш РR».

Пасля гадоў дзяржкрэдытавання аграрнага сектару, кіраўнік заклікаў атрымаць ад зямлі аддачу… выканаць дзяржзамову на сельскагаспадарчыя культуры і нарасціць экспарт. Лукашэнка мяркуе, што гэта можа стацца дадатковай магчымасцю паправіць эканамічнае становішча ў краіне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»