У Варшаве адкрылі «Усходнееўрапейскі дом»


Грамадскіх, праваабарончых, дабрачынных арганізацыяў у Польшчы нямала. Але кожная з іх займаецца асобнымі праблемамі асобнай краіны, асобных народаў. У Варшаве ж адчыніўся першы ў сваім родзе агульны дом адразу і для беларусаў, і для ўкраінцаў, і для расейцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Усходнееўрапейскі дом на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве – толькі першы крок да стварэння агульнага дому для беларусаў, украінцаў і расейцаў, якія выступаюць супраць дыктатуры Пуціна ды Лукашэнкі, супраць вайны ва Украіне і за еўрапейскую будучыню для сваіх краін.

«Я не думаю, што тут гаворка ідзе толькі пра тры народы. Гэта значна шырэйшая пляцоўка. І вельмі важна зараз, з улікам тых драматычных падзей, якія сёння перажывае Еўропа, тых драматычных падзей, якія звязаны з развязанай Расеяй, пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, вайной супраць Украіны, дыялог. Вельмі важнае разуменне, усведамленне таго, што адбываецца, нашай ролі і вызначэнне таго, як выйсці з гэтай сітуацыі», – лічыць кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка.

Галоўны цэнтр будзе размяшчацца ў палацава-паркавым комплексе ў Мордах. Гэта 120 кіламетраў ад польскай сталіцы – бліжэй да мяжы з Украінай і Беларуссю. Адкрыцця цэнтру ў Варшаве першапачаткова не планавалася. Аднак ліквідацыя праваабарончага цэнтру «Мемарыял» у Расеі, рэпрэсіі ў Беларусі ды вайна ва Украіне вымусілі арганізатараў не чакаць, пакуль для цэнтру будзе гатовы палац, і адкрыць філіял у Варшаве – для сістэматызацыі сведчанняў аб рэпрэсіях у Беларусі і Расеі ды аб ваенных злачынствах, якія расейскае войска здзяйсняе на тэрыторыі Украіны.

У варшаўскім цэнтры таксама плануюць стварыць бібліятэку і архіў. Яны збяруць кнігі ды дакументы адразу на трох мовах: на беларускай, украінскай і расейскай. Іншага такога аб’екту ў Польшчы няма. Хаця ўкраінцы, беларусы і расейцы – прадстаўнікі найбуйнейшых дыяспараў у Польшчы.

«Наяўнасць бібліятэкі, магчымасць сутыкнення са старонкай тэксту, надрукаванага, дзе закладзены думкі найразумнейшых людзей – гэта прынцыпова важна. Важна чытаць, важна аналізаваць і важна самім прымаць рашэнні. Гэта такое месца, дзе мы можам азнаёміцца з літаратурай на розных мовах, розных культур, розных народаў – гэта добрая магчымасць выпрацаваць сваё меркаванне, сваю пазіцыю», – заявіў Павел Латушка.

Сваю дапамогу ў стварэнні Усходняга дому ў Польшчы ўжо паабяцала і літоўская амбасада. У доўгатэрміновай перспектыве арганізатары разлічваюць на супрацу з Латвіяй, Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам, Малдовай ды іншымі краінамі, якія захочуць зрабіць свой унёсак у развіццё Еўропы.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»