Гвалт і катаванні ў Беларусі


Яшчэ два месяцы таму сям’я Чарных і ня думала пра тое, што жыццё так моцна зменіцца. Дзве крымінальныя справы і напад сілавікоў на сына вымусілі іх развітацца з Беларуссю. Арсенія затрымалі ўвечары адзінаццатага жніўня па дарозе дамоў.

«Вывальваюцца, рукі заломваюць, пачынаюць біць дзесьці пад дых, дзесьці яшчэ неяк. Рукі заламалі, пасадзілі ў аўта, з двух бакоў селі, рукі былі заламаныя. Галаву не давалі падняць, абшукалі кішэні, усе рэчы пазабіралі», – кажа Арсеній Чарных.

Цяпер сямʼя ў бяспецы. Але забываць пра тое, што здарылася ў Беларусі, не збіраюцца. Свае правы будуць абараняць у міжнародным судзе.

«Наколькі я разумею, калі мы знаходзімся ў бяспецы, дапусцім, у Нямеччыне, яна можа ўзяць нас пад сваю апеку. Там з намі пачынае працаваць юрыст, адвакат. Яны збіраюць нашыя дакументы, пішацца заява, і яны будуць нас курыраваць і суправаджаць» – кажа Юлія Чарных, маці Арсенія Чарных.

Расследаваннем ґвалту і катаванняў у Беларусі шчыльна займаецца і Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў.

«Мішэль Башле яшчэ прызначыла трох незалежных экспертаў. Сярод іх – Карына Маскаленка, вядомая і аўтарытэтная праваабаронцай з Расейскай Федэрацыі. У іх, напрыклад, будзе бюджэт, каб паехаць у Варшаву, Вільню, Кіеў, сустрэцца з ахвярамі, каб сабраць дакументы або доказы», – распавядае спецдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Фізічныя і маральныя здзекі ды ґвалт, катаванні не спыняюцца з першых дзён пратэсту. Пачынаюцца з затрымання і працягваюцца на ўсіх этапах. Гэта пацвярджае і чацвёртая прамежкавая справаздача Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі.

«Магчыма, у нас па-іншаму проста нельга было, калі вось летась такія падзеі былі»

«Што я ведаю? Нічога не ведаю. Няма гвалту ў нас і рэпрэсіяў»

«Самі, дзякуючы Богу, не сутыкаліся, на ражон не лезлі, але чулі, што ў Менску творыцца. І, шчыра кажучы, страшна», – лічаць жыхары і госці Бабруйску.

Штодзённыя суды ў палітычна матываваных справах, новыя сведчанні ад палітзняволенных пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах – сённяшняя рэчаіснасць. Гэтак, пры нявызначаных акалічнасцях у шклоўскай калоніі загінуў актывіст Вітольд Ашурак. З 16-га паверху скокнуў сірата Зміцер Стахоўскі, перад смерцю ён пакінуў цыдулку, у якой вінаваціў у сваёй гібелі Следчы камітэт. Палітвязень Сцяпан Латыпаў падчас суда на знак пратэсту супраць катаванняў праткнуў горла асадкаю. Любы чалавек нясе адказнасць за злачынства супраць чалавечнасці, кажа Анаіс Марэн.

«Каб іх можна было асудзіць, трэба спрыянне уладаў Беларусі. Без іх спрыяння нельга пасадзіць чалавека», – распавядае спецдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Спасылаючыся на звесткі Генпракуратуры, праваабаронцы кажуць пра больш за шэсцьсот шэсцьдзесят палітычна матываваных крымінальных справаў. Супраць жа сілавікоў дагэтуль не завялі ніводнай.

Надзея Бельская, «Белсат»